Ігар Комлік: Год на “хіміі” пражыць – не поле перайсці

19 снежня споўніўся год, як адбывае пакаранне на “дамашняй хіміі” адзін з лідараў прафсаюза РЭП Ігар Комлік.

Якім быў гэты год для яго? Пра гэта прафсаюзны актывіст распавёў сайту palitviazni.info.

“З аднаго боку складана ў маральным плане, а з іншага ты ўсё роўна разумееш, што знаходзіцца на “хіміі” лепш, чым на нарах у калоніі”, – кажа Ігар Комлік.

Нагадаем, што 24 жніўня 2018 г. суд Савецкага раёна Мінска асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год.

Із прызналі вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай.

Ігра Комлік пачаў адбываць “дамашнюю хімію” з 19 снежня мінулага году, Генадзь Фядыніч – са студзеня гэтага.

– Працы ў прафсаюзе хапала, можна сказаць, што год у пэўным сэнсе быў нават напружаным, – кажа Ігар Комлік. – Шмат людзей прыходзіць са сваімі праблемамі, і ўсім патрэбна дапамагчы ў абароне іх правоў.

Але, як кажуць, год на “хіміі” пражыць – не поле перайсці. Што датычыцца адбыцця пакарання, то я б ацаніў яго, як сярэдняй цяжкасці. З аднаго боку быццам бы дома знаходзіўся, і выканаўчыя органы вялі сябе дастаткова карэктна. Калі звяртаўся з нейкім пытаннем, то яго вырашалі.

Але шчыра скажу – маральна складана. Абмежаванне волі ў любым выглядзе ўсё роўна адчуваецца. У выхадныя дні трэба сядзець у кватэры, нікуды не выходзіць, а гэта, як ужо казаў, у псіхалагічным плане цісне. Не можаш у тыя ж выхадныя кудысьці схадзіць з унукамі, дзецьмі, вырашаць пэўныя бытавыя пытанні.

Іншая справа, што гэта ўсё-такі – не “зона”, здароўе на “дамашняй хіміі” ў мяне не пагоршылася. Падчас такога рэжыма адбыцця пакарання нельга наогул ужываць алкаголь, таму вядзем здаровы лад жыцця.

– Калі справа толькі пачыналася, ці было ў вас адчуванне, што будзе менавіта такі прысуд?

– Мяркую, тыя, хто пачынаў гэтую справу, меркавалі ўсё-такі, што нам дадуць рэальны тэрмін зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Не дарэмна ж праз пэўныя Інтэрнэт-рэсурсы пра нас яшчэ да заканчэння справы распаўсюджвалася ілжывая інфармацыя, якая затым не пацвердзілася.

Але ўвесь гэты ілжывы паток інфармацыі пра нас і нашу арганізацыю быў часткай распрацаванай зараней “спецаперацыі”. І заўважце, што “справа прафсаюзаў” пачалася амаль адразу пасля “справы патрыётаў”, якая нават да суда не дайшла.

Магчыма, на нас сілавікі хацелі рэабілітавацца, магчыма, усё гэта, як ужо казаў, было спланавана зараней, і рэпрэсіўную машыну ніхто спыняць не хацеў. Але ў выніку і наша справа, як і “справа патрыётаў”, аказалася шытая белымі ніткамі. Хоць яна і дайшла да суда, але там распрацоўшчыкі “спецаперацыі” выглядалі даволі недальнабачнымі людзьмі.

Але, ведаеце, у нашай краіне чалавеку могуць вынесці абсалютна любы прысуд. І тое, што нам далі “хімію” паказвала яшчэ раз тое, што справа цалкам палітычная, і ўлады проста пабаяліся даваць нам з Фядынічам рэальныя тэрміны зняволення. Знешняя абстаноўка не тая, не паспрыяла б гэта паляпшэнню стасункаў з Захадам.

– На працэсе высвятлілася, што сакратаркай у вашай арганізацыі працавала агент КДБ. Было здзіўленне?

– Асабіста для мяне гэта было нечаканасцю, але ж чалавеку ў душу не заглянеш. Працавала дзяўчына – да яе ніякіх пытанняў не было. Аказваецца, КДБ у нас не можа працаваць без інфарматараў, наша гісторыя паказала, што сёння ў кожнай арганізцыі ці на прадпрыемстве могуць быць такія “стукачы”. Што паробіш, у такой краіне жывем.

– У гэтым годзе стала вядома, што вы з Фядынічам патрапілі пад амністыю…

– Так, нам скінулі на адным годзе, таму на гэты момант засталося адбываць пакаранне менш за двух гадоў.

– За год на “хіміі” колькі разоў прыходзілі вас правяраць дадому?

– Дакладна не памятаю, але не вельмі дакучаюць. Ноччу ці вельмі рана звычайна не заяўляюцца, хаця, відаць, выкарыстоўваюць і такі метад кантроля, як праз паштальёнаў, бо тыя нярэдка наведваюцца з карэспандэнцыямі менавіта ў выхадныя дні. Зрэшты, я да гэтага гатовы заўсёды.

– Рашэнне Мінскага гарадскога суда будзеце абскарджваць?

– У абавязковым парадку. Мы не лічам сябе вінаватым, і гэта – без тэрміна даўніны.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Францкевіч
  • Антон Койпіш
  • Андрэй Клімаў
  • Аляксандар Баразенка
  • Ігар Корсак