Ці выйдуць “дармаеды” на восеньскія пратэсты?

У 2017 годзе “дармаедскі” дэкрэт выклікаў у краіне хвалю пратэстаў, на што ўлада адказала хваляй рэпрэсій.

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў для сайта palitviazni.info пра тое, як сітуацыя гэтага году адрозніваецца ад той, што была два гады таму.

Нагадаем, што з лютага 2017 году ў Беларусі прайшлі Маршы недармаедаў – шэраг мітынгаў і акцый. Пратэсты былі выкліканы дэкрэтам аб “дармаедах”, згодна з якім тыя, хто не меў сталую працу, павінны былі плаціць падатак.

Акцыі пачаліся ў Мінску, затым перакінуліся на іншыя буйныя гарады краіны – Бабруйск, Баранавічы, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў. Удзельнікі акцый пратэсту патрабавалі адмены Дэкрэту № 3 і адстаўкі прэзідэнта Беларусі, які быў ініцыятарам так званага «падатку на дармаедства».

Пасля таго як пратэсты пачалі шырыцца, па краіне прайшла хваля рэпрэсій, а Лукашэнка абвясціў аб прыпыненні на год дзейнасці Дэкрэту №3.

У выніку дакумент рэфармавалі. Тыя, хто падпадае пад дэкрэт «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», гарачае вадазабеспячэнне пачалі аплочваць па поўных тарыфах з 1 студзеня 2019 года. За газ і ацяпленне – з 1 кастрычніка. Ці не выкліча гэта новую пратэстную хвалю?

“Я ўпэўнены, што зараз сцэнар 2017 году на паўторыцца, – мяркуе прафсаюзны лідар, які быў асуджаны пасля тых акцый пратэсту. – Два гады таму дэкрэт датычыўся ўсіх “дармаедаў”, і ўсе павінны былі плаціць штрафы.

Зараз сістэма спагнання падаткаў з тых, “хто не заняты ў эканоміцы”, усё роўна незаконная, але больш гнуткая. Бяруць грошы толькі з гаспадароў маёмасці, некаторых вызваляюць ад падатка”.

Са слоў Генадзя Фядыніча, многія падаткам будуць абураны, але да акцый пратэсту справа не дойдзе.

“Так, сумы давядзецца заплаціць немалыя, – кажа ён. – Але любы пратэст саспявае, павінна быць нейкая крытычная кропка. Зараз такой сітуацыі ўсё-такі няма.

А мы ў любым выпадку патрабуем поўнай адмены гэтага дакумента, бо ён абсалютна антыканстытуцыйны. Улада павінна папрасіць прабачэння ў людзей і шчыра прызнацца, што такім чынам яна проста зняважыла свой народ”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Ус
  • Андрэй Абозаў
  • Аляксей Шыдлоўскі
  • Алег Сурган
  • Мікіта Сасім