Гары Паганяйла: На судзе над Паліенкам будуць разглядацца сакрэтныя матэрыялы?

Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму яму незразумела закрытасць працэса над былым палітвязнем Зміцерам Паліенкам.

“Магчыма, з-за таго, што справу арганізавалі на пустым месцы, тыя, хто гэта рабіў, разумеюць, што яна палітычна матываваная, – кажа суразмоўца. – Вось і вырашылі не даць магчымасці СМІ шырока асвятліць гэтую тэму…”

Нагадаем, што 25 верасня ў Мінскім гарадскім судзе павінен быў пачацца разгляд справы актывіста і былога палітвязня Зміцера Паліенкі, аднак ён перанесены на нявызначаны тэрмін.

Вядома было, што суд пройдзе ў закрытым рэжыме.

– Асабіста я не бачу падстаў для таго, каб гэты працэс рабіць закрытым, – кажа Гары Паганяйла. – Уласна кажучы, усе падставы прапісаны ў законе, але закрытым працэс могуць зрабіць таксама па просьбе пракурора, удзельнікаў працэса альбо па ініцыятыве суддзі. Але з гэтай нагоды трэба напісаць абгрунтаванае вызначэнне. Таму мне цяжка меркаваць, чаму суд у нашым выпадку вырашыў зрабіць суд закрытым.

Магчыма, з-за таго, што справу арганізавалі на пустым месцы, тыя, хто гэта рабіў, разумеюць, што яна палітычна матываваная. Вось і вырашылі не даць магчымасці СМІ шырока асвятліць гэтую тэму. Самае простае ў такой сітуацыі – закрыць суд для грамадскасці.

– Зміцеру Паліенку прад’яўлена абвінавачванне і ў тым, што ён як быццам абразіў цяпер ужо былога міністра ўнутраных спраў…

– Не выключана, што па просьбе таго ж экс-міністра ўнутраных спраў закрылі працэс, калі ён звяртаўся да пракурора ці непасрэдна да суддзі. Але ў такім выпадку суд маглі зрабіць закрытым менавіта на той перыяд, калі разглядаўся гэты эпізод. Як бачым, судом было прынята іншае рашэнне, і самае галоўнае, што яго цяжка аспрэчыць.

– Увогуле, у якім выпадку працэс звычайна робяць закрытым?

– Калі на судовых пасяджэннях разглядаюцца справы, дзе гаворка ідзе пра дзяржаўныя сакрэты, пра палавыя злачынствы. Калі злачынца альбо пацярпелы – непаўнагадовыя, то закрываюць суд, каб не траўмаваць псіхіку падлеткаў. Калі насамрэч падчас працэса агучаваюцца пэўныя моманты з асабістага жыцця альбо лячэбныя тайны.

Усё гэта прапісана ў Крымінальным кодэксе. Праўда, там яшчэ ёсць выраз (“і ў іншых выпадках, калі суд палічыць неабходным”), і гэта развязвае суддзям рукі. Захочуць суд зрабіць закрытым – зробяць гэта.

І суды гэтым нярэдка карыстаюцца. Калі, напрыклад, судзяць высокага ранга чыноўніка, альбо калі справа палітычна матываваная, а таму не хочуць дапускаць на працэс прадстаўнікоў СМІ і праваабаронцаў, каб народ не ўбачыў характар працэса. Часам і пракуратура, і следства бачаць, што справа шытая белымі ніткамі, і гэта можа ўсплыць падчас суда. У такім выпадку звяртаюцца да суда, каб той закрыў працэс. Лягчэй раскручваць тых, хто патрапіў пад псіхалагічны ціск следчых.

Але парушэнне прынцыпаў галоснасці – гэта таксама не вельмі добра. Яна прыводзіць да таго, што суд выносіць несправядлівыя рашэнні, і гэта не на карысць судоў, і не на карысць грамадзян.

– І ўсё ж-такі: няўжо справа Паліенкі такая сакрэтная?

– Хто хацеў, той ужо добра ведае пра сутнасць гэтай справы, таму ізноў паўтаруся, што не абавязкова было суд закрываць. З чаго тут рабіць тайну?

Cуд ужо не адменіць рашэнне аб закрытасці працэса?

– Усё будзе залежыць ад суддзі і тых абставін, якія будуць парад’яўлены на карысць адкрытасці працэса. І, гледзячы хто будзе на гэтым настойваць.

***

Нагадаем, Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы.

5 красавіка Паліенку было прад’яўлена абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339, арт. 341 і ч. 1 арт. 130. Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад’яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай.

2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула ў Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы: 341 за графіці ў Курапатах і 369 за абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні