Міраслаў Лазоўскі: Са сваімі фэйкамі на АНТ таксама будуць ваяваць?

Фігурант “справы патрыётаў” Міраслаў Лазоўскі пракаментаваў сайту palitviazni.info жаданне дзяржаўнага тэлеканала змагацца з фэйкамі ў інфармацыйнай прасторы.

“Адно магу сказаць: без працы гэтыя людзі не застануцца, – кажа Міраслаў. – Калі яны добра прааналізуюць многія праграмы БТ і дзяржаўных СМІ, то знойдуць там безліч фэйкавай інфармацыі…”

На тэлеканале АНТ адкрываецца новы праект у рамках, праграма называецца «Антыфэйк». У якасці аднаго з прыкладаў фэйкаў тэлеканал назваў публікацыю расійскай газеты «Коммерсант» пра беларуска-расійскую інтэграцыю.

«Мы выкарысталі свой шанц, які падарыў нам сам лёс. І нікому рабіць замах на наш суверэнітэт не дамо. Хацелася б, каб гэта пачулі тыя, хто спрабуе намацаць гэты пралом. Супакойцеся. У нашым успрыманні ўласнага суверэнітэту няма ніякай слабіны», — паведамілі ў эфіры тэлеканала.

“Добра было б, каб у гэтай праграме ўспомнілі і пра тыя фэйкавыя крымінальныя справы і такія ж фэйкавыя інфармацыйныя ўкіды нашымі прапагандыстамі, – кажа Міраслаў Лазоўскі.У 2017 годзе мне інкрымінавалася незаконнае захоўванне зброі, падчас затрымання ў сакавіку ў багажніку маёй машыны быццам бы знайшлі баявы аўтамат з патронамі. Я некалькі месяцаў прасядзеў у следчым ізалятары па фэйкавай справе, якая нават да суда не дайшла, не атрымаў за гэта ні капейкі кампенсацыі. Увесь гэты час у дзяржаўных СМІ ішла хлуслівая інфармацыя пра мяне. Дык можа АНТ зацікваць гэтая справа і, яны раскажуць пра гэта гледачам у эфіры?

Цікава было б паслухаць таксама пра тое, які лёс напаткаў чалавека, які быццам бы хацеў атруціць мінчан дохлымі пацукамі, пра што ў свой час распавядаў былы старшыня КДБ Сухарэнка, а дзяржаўныя СМІ распаўсюджвалі гэтую інфармацыю? Дзе зброя былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, якую паказвалі па БТ, а з крымінальнай справы гэта знікла? Дзе украінскі джып і затрыманыя “баевікі”, якія быццам бы прарываліся ў Беларусь з Украіны? Вось колькі тэм адразу я падкідваю праграме “Антыфэйк”! Калі ласка, карыстайцеся”.

Са слоў Міраслава Лазоўскага, калі не будзе фэйкавай інфармацыі, то супрацоўнікі АНТ, якія будуць працаваць над праграмай, без працы не застануцца.

“Самі будуць ствараць фэйкі, і самі ж будуцы іх выкрываць”, – з жартам выказваецца былы палітвязень.

***

Нагадаем, што затрыманні па “справе патрыётаў” пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка 2017 года. Паведамлялася, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

У апошні дзень восені старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе скончана, 27 лістапада прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дрозд
  • Мікола Маркевіч
  • Вадзім Лабковіч
  • Сяргей Каваленка