Алесь Пушкін: Міліцыянеры мяне паўсюль насілі на руках

Мастак і былы палітвязень Алесь Пушкін падрабязна распавёў сайту palitviazni.info пра свой перфоманс у Крупках, знаходжанне ў ізалятары часовага ўтрымання і суд.

“Я праводзіў не пікет, а класічны перфоманс, – кажа суразмоўца. – І гэта абсурд, калі грамадзяніна Беларусі штрафуюць за тое, што ён абараняе родную мову!

Мастак Алесь Пушкін 6 чэрвеня правёў перфоманс у абарону беларускай мовы на прыступках крамы “Еўраопт” ў горадзе Крупкі.

Раней у Алеся Пушкіна здарыўся інцыдэнт з супрацоўнікам “Еўраопта”. Ён, па словах мастака, абразіў беларускую мову.

У выніку паседжання суд палічыў віну Алеся Пушкіна ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння даказанай і аштрафаў мастака на восемь базавых велічынь – пяць базавых за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і тры базавых за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, паведамляе spring96.org.

Нагадаем, што за ўвесь час Алесь Пушкін правёў шмат розных акцый. Напрыклад, 25 сакавіка 1989 года ён зладзіў першы перфоманс у абарону беларускай мовы разам з іншымі студэнтамі тэатральна-мастацкага інстытута.

У 1999 годзе Алесь Пушкін быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перфоманс “Падзяка прэзідэнту”, калі прывез да Адмністрацыя прэзідэнта тачку гною.

– Судовы працэс быў вельмі характэрны, – кажа Алесь Пушкін. – Я запрасіў на суд экспертаў, зладзіў выставуу зале суда і ў калідоры. Сабралася шмат людзей: прыехалі падтрымаць мяне і з Крупак, і з Мінска.

Трэба сказаць, што суддзя вельмі карэктна і правільна вяла працэс. Яна адразу перайшла на беларускую мову, дапусціла да суда эксперта, які патлумачыў, што перфоманс – гэта таксама форма мастацтва.

Але самае прыкрае, што рашэнне было агучана адразу ж, суддзя нават не выходзіла ў пакой, каб падумаць. Адным словам, не адыграла сваю ролю да канца. Я быў прызнаны вінаватым, хаця штраф выпісалі мінімальны.

– Вас прызналі пікетоўшчыкам…

– І я не згодны з гэтым, бо гэта быў класічны перфоманс за мірныя змены і за тое, каб пакараць супрацоўнікаў “Еўраопта” за абразу беларускай мовы. Мая мэта простая – каб гэтых супрацоўнікаў звольнілі праз рэзананс, які атрымаўся пасля маёй акцыі. Гэта ж абсурд – грамадзяніна Беларусі штрафуюць за тое, што ён абараняе родную мову!

Зрэшты, судовае рашэнне абскарджваць не буду. Трэба разумець, як у нас праходзяць суды, і наколькі складана дабіцца справядлівасці. Тым больш, у Мінску атрымаў бы значна большы штраф.

Але я не шкадую, што правёў такую акцыю. Чым больш рэзанансная будзе справа, тым больш верагоднасці таго, што “Еўраопт” будзе праводзіць інструктаж сваіх супрацоўнікаў з нагоды таго, як трэба ставіцца да мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь. І праз пэўны час я наведаюся ў той самы “Еўраопт” у Крупках і даведаюся, ці працуюць там супрацоўнікі, якія абражалі мову.

– Колькі вы правялі ў ізалятары часовага ўтрымання?

– Каля сутак. Мяне ў ізалятары насілі на руках, бо я сказаў міліцыянерам: “Хадзіць не буду, бо не ішоў сюды добраахвотна”. Мяне насілі на допыт, пад відэкамерамі абшуквалі і дапытвалі.

Распраналі дагала, забралі ўсе рэчы, што былі і пасадзілі ў камеру з двума чалавекамі, якія адбывалі пакаранне за п’янку. Тыя бясконца палілі, вентыляцыю пры гэтым не ўключалі і на ранішняй праверцы начальнік Крупскага ізалятара часовага ўтрымання усё-такі загадаў уключыць вентыляцыю. Праўда, уключылі ўсяго на 5 хвілін.

Я нічога з турэмнай ежы не еў, пасціўся, а сваю ежу аддаваў сукамернікам. Толькі піў ваду, маўчаў і збіраўся з думкамі. Усіх міліцыянераў я папрасіў са мной размаўляць на беларускай мове, а, калі звярталіся на расійскай, то проста не адказваў.

Дарэчы, калі адпраўлялі на суд, міліцыянеры ў мяне спыталіся на беларускай мове: “Сам пойдзеш у суд?” Адказаў так: “Не буду вам аблягчаць жыццё, нясіце мяне самі”.

Яны мяне вынеслі, паклалі ў новенькі аўтазак, правезлі некалькі метраў да будынка суда, і пасля зацягнулі ў залу паседжанняў, дзе паклалі на лаўку. На судзе я запатрабаваў адваката і, каб працэс ішоў на мове. Пасля гэтага суд перанеслі, а мне аддалі ўсе рэчы і адправілі з ізалятара дадому. А выніковае судовае рашэнне ўжо вядома…

palitviazni.info

Фота: euroradio.fm

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Андрэй Пазьняк
  • Іван Гапонаў
  • Мікалай Дзядок
  • Уладзімер Кудзінаў