Генадзь Фядыніч: У міліцыі дрэнна ведаюць працоўнае заканадаўства

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info пра зменены рэжым адбыцця пакарання і невяртанне камп’ютарнай тэхнікі.

“Некаторыя называюць гэта паслабленнем для мяне, але ніякага паслаблення тут няма па той простай прычыне, што па законе так і павінна быць”, – кажа прафсаюзны лідар.

 

Нагадаем, што лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі прызнаны вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу. Праваабаронцы назвалі гэтую справу палітычна матываванай.

Згодна з умовамі «хатняй хіміі» Генадзь Фядыніч не меў права знаходзіцца па-за межамі сваёй кватэры пазней 19.00 у будныя дні і не мог пакідаць кватэру ў выхадныя. Таксама забаронена ўжываць алкаголь на ўвесь тэрмін пакарання – 4 гады. Супрацоўнікі міліцыі падчас усяго тэрміну кантралююць выкананне гэтых умоў, таму могуць прыйсці дадому да Фядыніча ў любы час дня і ночы.

Але напачатку гэтага месяца крымінальна-выканаўчая інспекцыя Цэнтральнага РУУС Мінска пазнаёміла Фядыніча з унесенымі зменамі. Інспекцыя ўстанавіла новую адлегласць для выхада жылля (плошча пашырана ад кватэры да паштовых скрынь), а таксама ўстанавіла нормы, калі нельга выходзіць з кватэры – з 21.00 да 6 гадзін раніцы (раней было з 19.00 да 6.00).

– Некаторыя называюць гэта паслабленнем для мяне, але ніякага паслаблення тут няма па той простай прычыне, што па законе так і павінна быць, – кажа Генадзь Фядыніч. – У мяне працоўны дзень ненармаваны, а супрацоўнікі інспекцыі не могуць парушаць працоўнае заканадаўства па гэтым артыкуле.

Я двойчы звяртаўся ў інспекцыю, звярталася кіраўніцтва нашага прафсаюза, і, у рэшце рэшт, яны зрабілі тое, што павінны былі прапісаць з першага дня адбыцця пакарання.

Таксама я звяртаўся, каб далі дазвол хаця б раз на месяц з’ездзіць у выхадныя дні на лецішча, каб дапамагчы цешчы, але пакуль дазвол не даюць. Да гэтага часу звяртаўся ў вуснай форме з гэтай нагоды, але зараз напішу заяву. Няхай дадуць у адказе афіцыйныя тлумачэнні, на якой падставе адмаўляюць.

– Чаму вам са студзеня ўстанавілі рэжым, які не суадносіцца з працоўным кодэксам?

– Мабыць, думаюць, што ім дазволена рабіць усё што заўгодна. У міліцыі наогул дрэнна ведаюць працоўнае заканадаўства, бо ніяк не маглі зразумець, што такое ненармаваны працоўны дзень. У іх адзін адказ: “Мы так вырашылі”.

– Камп’ютарную тэхніку, якую забралі падчас вобшукаў у жніўні 2017 году да гэтага часу не вярнулі?

– Не вярнулі, і мы нават не ведаем, дзе яна і што з ёй робіцца. Некалькі разоў звярталіся, але ў адказ таксама маўчанне. Так што куды не кінь, а ўсюды беззаконне. Што хочуць, тое і робяць.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Мажэйка
  • Аляксей Бондар
  • Кацярына Салаўёва
  • Дзяніс Дзянісаў
  • Уладзімер Лобан