Валянцін Стэфановіч: Будзе абвінаваўчы прысуд, не звязаны з пазбаўленнем волі

Генпракуратура накіравала справу галоўнай рэдактаркі TUT.by Марыны Золатавай у Мінскі гарадскі суд.

“Гэтая гучная палітычная справа, безумоўна, не патрэбна беларускім удладам, але яны часам паводзяць сябе досыць ірацыянальна, – распавёў праваабаронца Валяцін Стэфановіч сайту palitviazni.info. – У сёняшняй сітуацыі афіцыйнаму Мінску трэба рабіць усё, каб не было падстаў для крытыкі з боку заходніх партнёраў. І трэба пазбашляцца ад любых крымінальных спраў з палітычным характарам”.


Як вядома, Марыну Золатаву вінавацяць у бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК). Ёй пагражае як мінімум штраф, а як максімум – да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў адзначае, што па выніках вывучэння справы было ўстаноўлена, што абвінавачанне Марыне Золатавай “выстаўлена абгрунтавана і пацвярджаецца сукупнасцю сабраных падчас папярэдняга расследавання доказаў”. Яна па-ранейшаму знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах, паведамляе Еўрарадыё.

“Справа БЕЛТА” пачалася ў жніўні 2018-га, калі ў офісах Tut.by, БелаПАН, шэрагу іншых СМІ, па месцы жыхарства іх журналістаў, рэдактараў адбыліся ператрусы. Затрымлівалі больш за дзясятак чалавек, якіх абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі на навіны дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. 14 фігурантаў з розных СМІ ў выніку вызвалілі ад крымінальнай адказнасці і прыцягнулі да адміністрацыйнай. Журналісты былі аштрафаваныя, а таксама абавязаныя кампенсаваць шкоду (сумы для кожнага налічылі ад 3 да 17 тысяч рублёў).

Золатава падавала хадайніцтва, каб і ёй замянілі крымінальную адказнасць на адміністрацыйную, але Следчы камітэт адмовіў.

– Мяркуючы па тым, што справа перададзена ў суд, яна не спынена на этапе папярэдняга следства, – кажа Валянцін Стэфановіч. – Хутчэй за ўсё, прысуд будзе вынесены, хаця для ўсіх нас пажадана было б, каб справа была спынена яшчэ ў дасудовым парадку, як гэта здарылася з астатнімі фігурантамі “справы БЕЛТА”. Яны былі проста прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, што, дарэчы, яшчэ раз падкрэсліла непрапарцыйныя дзеянні ўладаў у гэтай справе.

Усё ж пачыналася з масавых затрыманняў журналістаў і рэдактараў, накіраваннем іх у ізалятар часовага ўтрымання на 3 сутак. Хто скажа: навошта гэта трэба было рабьіць? І якія мэты ўсё гэта пераследвала?

– Магчыма, якраз гэта і паказвае зараней спланаваную акцыю ўладаў, якая насіла дэманстратыўны характар…

– Думаю, Марыну Золатаву пакінулі невыпадкова. Я б гэта таксама разглядаў, як дэманстратыўны сігнал найперш кіраўніцтву партала TUT.BY.

— Чым можа закончыцца суд над Марынай Золатавай?

– Думаю, будзе абвінаваўчы прысуд не звязаны з пазбаўленнем волі, таму што гэта было б ужо зусім верхам абсурда. У такім выпадку ўзняліся б усе праваабарончыя арганізацыі і журналісцкая супольнасць не толькі ў Беларусі. У краіне б адназначна з’явілася б яшчэ адна палітычная зняволеная, хаця справа і зараз прызнана палітычна матываванай.

Санкцыі па тым артыкуле, па якім абвінавачваецца Золатава, прадугледжваюць самыя розныя варынты пакарання, таму не выключаю, што могуць даць штраф, але пры гэтым забараніць чалавеку займаць кіруючыя пасады. Таму могуць зрабіць так, што Марына Золатава больш не будзе кіраўніцай партала, хаця насамрэч гэта мала што вызначае. У TUT.BY дастаткова прафесіяналаў, якія змогуць заняць яе месца, а Золатава будзе ў той жа рэдакцыі знаходзіцца побач.

Паўтаруся, справа носіць дэманстратыўны характар, бо TUT.BY стаў вядучым СМІ ў краіне, і значна апярэджвае дяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Тая ж БЕЛТА можа такім поспехам незалежнага СМІ толькі пазайздросціць. Такім чынам, праз ціск, магчыма, хочуць дамагчыся, каб TUT.BY хаця б самацэнзурыраваўся. Каб палітыка выдання была больш асцярожная, і яны менш крытыкавалі ўладу. Хаця, па вялікім разунку, TUT.BY ніколі і не вызначаўся нейкім радыкалізмам. Інфармацыя на партале заўсёды падаецца досыць нейтральна і адвображвае розныя погляды на сітуацыю. Але, як бачым, нават такая пазіцыя не задавальняе ўлады.

— “Справа патрыётаў» наогул не дайшла да суда, хаця напярэдадні таксама былі і гучныя затрыманні, і вобраз “тэрарыстаў-патрыётаў”, які спрабавалі стварыць дзяржаўныя СМІ, і зброя ў кадрах, і доўгі час у ізалятары дзесяткаў людзей. Чаму там усё спынілася да суда, а Марыну Золатаву будуць судзіць?

– Было шмат спраў, якія не даходзілі да суда, альбо, калі даходзілі, то людзям выносілі не самыя жорсткія прысуды. А што датычыцца Золатавай… Я не ведаю, чым тут кіраваліся ўлады. Магчыма, для іх прынцыпова пакараць такім чынам інфармацыйны партал і паказаць журналістам, каб сядзелі ціха.

– Уладам патрэбна гэтая справа падчас чарговага супрацьстаяння з Масквой ды паляпшэннем стасункаў з Захадам?

– Безумоўна, не патрэбна, але нашы ўлады часам паводзяць досыць ірацыянальна. У сёняшняй сітуацыі афіцыйнаму Мінску і насамрэч трэба рабіць усё, каб не было падстаў для крытыкі з боку заходніх партнёраў. І ад любых крымінальных спраў з палітычным характарам варта было б пазбаўляцца.

Дарэчы, можна было б для паляпшэння гэтых стасункаў і іншыя крокі зрабіць. Напрыклад, увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Гэта значна палепшыла б стасункі з Еўрасаюзам і адкрыла б шлях у Раду Савета Еўропы. Мы – адзіная краіна ў рэгіёне, якая не з’яўляецца сябрам гэтага савета.

Для ўладаў, відаць, зараз стаціць задача пэўнага балансавання. З аднаго боку трэба палепшыць адносіны з Захадам, а з іншага – не дазваляць унутры краіны вялікай лібералізацыі, бо наперадзе прэзідэнцкія выбары, а ва ўладаў захаваўся страх перад нейкімі магчымымі выступамі і актывізацыяй апазіцыі, якая, да слова, у апошні час знаходзіцца не ў лепшым стане.

palitviazni.info

Фота: Фото Socialweekendbelarus/ Facebook

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Падгол
  • Вадзім Кабанчук
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Алег Федаркевіч
  • Зьміцер Ус