Нямецкі суд вынесе канчатковае рашэнне па “справе Рубцова” 3 студзеня

21 снежня суд у Германіі разгледзеў апеляцыю былога беларускага палітвязня Юрыя Рубцова. Раней яму было адмоўлена ў прадастаўленні палітычнага прытулку.

“У выніку, рашэнне так і не было абвешчана”, – распавёў сайту palitviazni.info Віктар Рубцоў, сын экс-палітвязня.

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага Юрый Рубцоў папрасіў палітычны прытулак у Германіі, рашэння давялося чакаць каля году. Яно аказалася не на карысць былога беларускага палітвязня, але ён вырашыў падаць апеляцыю на адмову.

Юрый Рубцоў жыве ў Нюрнбергу, працуе памочнікам хатняга майстра – займаецца рамонтам дзвярэй, замкоў, вокнаў, ацяплення і каналізацыі. Працуе па чатыры гадзіны ў дзень, плацяць не так і шмат – 80 цэнтаў за гадзіну.

Трэба сказаць, што разгляду апеляцыі давялося чакаць досыць доўга, але і 21 снежня кропка ў гэтай справе не была пастаўлена.

“Было абвешчана, што канчатковае рашэнне будзе агучана 3 студзеня, – коратка паведаміў Юрый Рубцоў. – Зараз у Германіі пачынаюцца калядныя святы, таму, відаць, не да мяне”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Плешчанка
  • Андрэй Клімаў
  • Цімох Дранчук
  • Алег Волчак
  • Сьвятаслаў Барановіч