Ганна Красуліна: Да 30 лістапада пададзім апеляцыю на рашэнне аб дэпартацыі

Прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна, якую ўлады высылаюць з краіны “ў інтарэсах грамадскага парадку”, распавяла сайту palitviazni.info пра магчымасць застацца ў Беларусі, міжнародны рэзананс і бліжэйшыя перспектывы.

Нагадаем, што Ганна Красуліна нарадзілася ў Расіі і мае расійскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства.

13 лістапада яна даведалася ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёну Мінска пра высылку ў Расію. Прычынай для дэпартацыі сталі быццам бы тры адміністрацыйныя правапарушэнні: за дзве несанкцыянаваныя акцыі і неаплочаны праезд у грамадскім транспарце. Гэта з’явілася падставай для прыняцця ў адносінах да Красулінай рашэння пра высылку «у інтарэсах грамадскага парадку».

Яны абавязана з’ехаць з Беларусі да 30 лістапада. Тэрмін высылкі – 1 год.

– Зараз я актыўна працую ў “міжнародным накірунку”, – кажа Ганна Красуліна. – Сустракаюся з пасламі, распавядаю ім пра сваю справу. Падрыхтавала ліст таксама і ў Пасольства Расіі з інфармаваннем таго, што адбылося, але рэакцыі пакуль няма – на сувязь са мной ніхто не выходзіў.

Акрамя таго, разам з адвакатам мы да 30 лістапада пададзім апеляцыю на рашэнне аб дэпартацыі і, такім чынам, будзе хоць нейкая адтэрміноўка высылкі. Пэўны час яшчэ можна будзе заставацца ў Беларусі.

– Адным словам, міжнародная грамадскасць ужо праінфармавана…

– Літаральна ўчора сустракалася з паслом Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі. І, дарэчы, гэта была не мая ініцыятыва. Сёння сустракаюся з паслом Еўрасаюза. Таму дыпламатычны копус еўрапейскіх краін, безумоўна, добра ведае, што адбываецца на самай справе. Яны пакуль ніяк не ацэньваюць сітуацыю, але ім гэта цікава.

– Шчыра кажучы, я не разумею логіку ўладаў: навошта?

– Я таксама гэта не разумею і нават у міліцыі казала, што такое незаконнае і нават анекдатычнае рашэнне можа выклікаць вялікі рэзанас. Відавочна ж, што гэтая справа з палітычным адценнем.

– Можа вырашылі проста напалохаць, а высылкі не будзе? Ёсць шанц застацца ў Беларусі?

– Безумоўна, ёсць. Паколькі мы абскарджваем дэпартацыю, і гэтае абскарджванне можа заняць некалькі месяцаў, то за гэты час можа змяніцца сітуацыя. Па-другое, ёсць невялікая верагоднасць, што гэтая справа – усяго толькі прыватная ініцыятыва якога-небудзь міліцыянера, які захацеў выслужыцца і зарабіць сабе чарговую зорачку. Можа быць, ён нейкім чынам здолеў “праціснуць” гэтае рашэнне наверх.

Але ў той жа час я – рэаліст і разумею, што шанцаў для адмены рашэння не так і шмат. Хаця гэтая справа – вяршыня непрафесяіналізму сілавікоў. Яны наогул не ацанілі наступстваў для іміджа краіны.

— Мяркую, што міліцыя і насамрэч не асабліва задумваецца пра вышэйзгаданы імідж. Далі загад – выканалі…

– Мне падаецца, што зараз у многіх рэзанасных справах, якія распачынаюць сілавікі, існуе канфлікт інтарэсаў. Міністэрства ўнутраных спраў цісне і распачынае нікому не патрэбныя справы, стараецца праз рэпрэсіі запалохаць грамадскасць. Яны паказваюць, што не дазволяць перад выбарамі расхістаць сітуацыю, таму пастаянна падтрымліваюць атмасферу страха. І паказваюць: можам выкінуць з краіны любога ў любы момант. Таму мая справа – гэта працяг “справы БЕЛТА”.

А ў гэты час Міністэрства замежных спраў Беларусі стараецца перад Захадам ствараць станоўчы імідж Беларусі. Але так не бывае, што для знешняга спажыўца – адны словы, а для ўнутранага – іншыя справы.

Праўда, тыя ж самыя еўрапейскія паслы – не хлопчыкі, якім можна вешаць лапшыны на вушы, яны ўсё цудоўна разумеюць. І ўсе намаганні ведамства Уладзіміра Макея на стварэнне станоўчага іміджа зводзяцца на “не” праз такія дзеянні беларускіх сілавікоў. Атрымліваецца нейкае супрацьстаянне МЗС І МУС. Адно ведамства вырашае свае задачы, іншае – свае. І, як мне падаецца, няма таго чалавека, які б разабраўся ва ўсёй гэтай сітуацыі.

– Думаю, што Міністэрству замежных спраў і на самай справе не патрэбна ваша дэпартацыя, каб затым апраўдвацца перад заходнімі калегамі…

– Магчыма, на знешнім узроўні і не патрэбна, а на ўнутраным, як ужо казала, нічога супраць не маюць. Хочуць такім чынам, каб у Беларусі сілавікі не спыняліся ў рознага кшталту рэпрэсіях, і пры гэтым можна было пускаць пыл у вочы Захаду, распавядаючы пра нейкія станоўчыя крокі ў бок дэмакратыі. Але, мяркую, што сядзець на двух крэслах не ўдасца.

– Калі для вас будзе горшы варыянт развіцця падзей, маральна ўжо падрыхтаваны да таго, што год давядзецца жыць па-за межамі краіны?

– Безумоўна, абмяркоўвалі сітуацыю і ў партыі, і ў сям’і. І прыйшлі да высновы, што найбольш аптымальным варыянтам было б не выкрасліць гэты год са свайго жыцця, а выкарыстаць для ўласнага развіцця.

Я б, напрыклад, хацела працаваць на сваім прафесійным полі – прайшла б стажыроўку ў парламенце якой-небудзь еўрапейскай краіны альбо ў мэрыях гарадоў, каб паглядзець, як рэальна працуе еўрапейская дэмакратыя. Каб праз год вярнуцца ў Беларусь, маючы большы досвед.

Думаю, і псіхалагічна мне было б так лягчэй. Акрамя таго, гэта было б пасланне і ўладам: нават, калі вас выслалі, то не значыць, што знішчылі. Магчыма, тады і ўлады задумаюцца: а ці правільна яны паступаюць?

– А ў Расіі ніякіх варыянтаў з працаўладкаваннем няма?

– У Расіі мне няма куды ехаць. Нерухомасць у свой час там прадала, уся сям’я – у Беларусі. Ды і з працай там, мяркую, будзе праблема.

palitviazni.info

Фота: tut.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні