Што стаіць за “справай Буракова”?

Як вядома, 8 лістапада сябра арганізацыі Алесь Буракоў быў выкліканы ў Кастрычніцкі РАУС г. Магілёва. Яму было прапанавана даць тлумачэнні ў сувязі з правядзеннем у дачыненні да яго праверкі органаў МУС па арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь па “факце дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі ПЦ “Вясна”.

“Ггэтая сітуацыя наогул выглядае вельмі дзіўна на фоне таго, што ўлады дэкларавалі дэкрыміналізацыю гэтага арыткула”, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы-“вясноўцы” ўжо заявілі, што яны расцэньваюць распачатую органамі МУС г. Магілёва праверку ў дачыненні да Алеся Буракова, як “чарговы нічым не прыхаваны ціск ў сувязі з ягонай актыўнай праваабарончай дзейнасцю, а таксама як ціск на ўсіх сябраў ПЦ “Вясна” ў цэлым”.

“Пакуль дакладна немагчыма сказаць, адкуль у гэтай гісторыі, што называецца, ногі растуць, – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. – Мяркую, што больш дакладна пра гэта можна будзе казаць пасля міліцэйскай праверкі. І я вельмі спадзяюся, што пасля таго рэзанаса, які займела справа, яна нічым не скончыцца. У той жа час, калі завядуць крымінальную справу, то гэта будзе сведчыць пра нейкія новыя спробы ціску ўладаў”.

Праваабаронца нагадвае, што крымінальныя справы за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі не ўзбуджаліся ўжо даўно.

“З 2008 году не асуджалі людзей па гэтым артыкуле, – адзначае Валянцін Стэфановіч. — Мы, праваабаронцы, у сваёй супольнай заяве заявілі, што гэтая сітуацыя наогул дзіўна выглядае на фоне таго, што ўлады дэкларавалі дэкраміналізацыю гэтага арыткула. Апошні раз гэта было пацверджана прадстаўніком афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Жэневе ў Камітэце па правах чалавека ААН. Было заяўлена, што плануецца дэкрыміналізацыя гэтага артыкула, яго перавядуць з крымінальнага на адміністрацыйны. Таму незразумела, што адбываецца. Але мы вырашылі не чакаць вынікаў праверкі, а адрэагаваць адразу, таму што расцэньваем у любым разе такую сітуацыю, як ціск і на Алеся Буракова ў сувязі з яго праваабарончай дзейнасцю, і ў цэлым на арганізацыю”.

Зараз беларускія праваабаронцы чакаюць заявы Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, якая заснавана Міжнароднай федэрацыяй па правах чалавека. А гэта азначае, што спецдакладчык ААН таксама будзе праінфармаваны пра гэтую сітуацыю.

“Самы горшы варыянт – гэта ўзбуджэнне крымінальнай справы, – дадае праваабаронца. – А пакуль што гэтую гісторыю можна расцэньваць, як нейкую самадзейнасць магілёўскіх міліцыянераў. Хаця не выключана, што за ўсім гэтым стаіць і КДБ”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Кім
  • Cяргей Антончык
  • Юлія Чыгір
  • Настасься Азарка