Ніна Багінская: Кожны месяц дзяржава забірае ў мяне з пенсіі 160 рублёў

Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская распавяла сайту palitviazni.info пра сваю жыццёвую пазіцыю, нязломнасць і бясконцыя штрафы.

“У мінулым годзе мне выпісалі штрафаў прыкладна на 17.500 долараў”, – кажа 72 гадовая пенсінерка.

Ніна Багінская – адна з тых, хто не баіцца выйсці на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам і, дарэчы, робіць гэта пастаянна. Міліцыя кваліфікуе гэта, як несанкцыянаваныя пікеты, і ўжо працяглы час выпісвае сталай жанчыне вялікія штрафы, якія ў агульнай суме дасягнулі ўжо фантастычных для пенсінеркі памераў. Прымае актыўны ўдзел Ніна Багінская і ў абароне Курапатаў…

– Днямі мяне з нагоды абароны Курапатаў выклікалі ў Бараўляны ў міліцыю, але я не паехала, – кажа Ніна Багінская. – Я казала і кажу зараз, што гэтая ўлада нелегітымная, а значыцца я не прызнаю яе законы. Праўда, міліцыянеры самі прыехалі да рэстарана ў Курапатах. Распавялі пра тое, што, маўляў, ім патэлефанаваў нейкі чалавек і распавёў, што Ніна Багінская прыходзіць у Курапаты са свастыкай і прапагандуе яе.

Але мая свастыка на плакаце спалучаецца з сярпом і молатам, у гэтым увесь сэнс. Я хацела паказаць рэпрэсаваную Беларусь, гэты плакат у мяне тры разы забіралі, калі я хадзіла з ім па горадзе. Былі нават суды з гэтай нагоды. У першым выпадку далі штраф у памеры 40 базавых велічынь, у другім – 50. І тады я падумала: калі нельга крытыкаваць камунафашызм у цэнтры Мінска, то разгарну плакат у Курапатах. І вось з гэтай нагоды міліцыянеры і прыязджалі да мяне разбірацца. Маўляў, прапагандую свастыку.

– І чым закончылася разбіральніцтва па “прапагандзе свастыкі”?

– Натуральна, патлумачыла міліцыянерам, што ўсё гэта хлусня. Я наадварот выступаю супраць фашыскай і камуністычнай палітыкі. Выступаю супраць камунафашызма, які панаваў на нашай зямлі. Я наогул не разумею, калі нашых актывістаў штрафуюць і адпраўляюць на “суткі” толькі за тое, што яны абараняюць Курапаты – святое  месца для беларусаў. І я бараніла і буду бараніць таксама інтарэсы тых, каго кідаюць за Курапаты на “суткі”. А міліцыянерам патлумачыла, што мы баронім сваю нацыю, адметную культуру, мову і месца, дзе былі забіты нашы продкі.

– Вы ўдзельнічаеце не толькі ў абароне Курапатаў, але і ў іншых акцыях. Колькі штрафаў ужо атрымалі за апошні час?

– Я займаюся толькі прыкладнымі падлікамі, і калі яны правільныя, то ў мінулым годзе мне выпісалі штрафаў прыкладна на 35 тысяч рублёў (каля 17.500 долараў). А ў гэтым годзе ў асноўным штрафуюць за абарону Курапатаў – то ад 40 да 40 базавых велічынь выпісваюць. Таму некалькі тысяч долараў, відаць, ужо таксама назбіралася.

– Вы не аплочваеце штрафы прынцыпова?

– Не плаціла і не збіраюся гэта рабіць. Але з кастрычніка мінулага году кожны месяц дзяржава забірае ў мяне 50 працэнтаў пенсіі. У выніку 160 рублёў атрымліваю на рукі, столькі ж ідзе на пагашэнне штрафаў.

Адным словам, штрафы мне выпісваюць значна хутчэй, чым я паспяваю іх кампенсаваць са сваёй невялікай пенсіі. На маім прыкладзе ўлада спрабуе запалохаць іншых, каб тыя спынілі актыўную дзейнасць.

Каб спагнаць штрафы, судовыя выканаўцы абвясцілі нават аўкцыён па продажы вашага лецішча. Чым тая справа закончылася?

– Лецішча ў Дамашанах так і не прадалі, не знайшлося ахвотных пакупнікоў. Адбылося некалькі аукцыёнаў, ніхто не прыйшоў, і Смалявіцкі аддзел прымусовага пакарання наогул адмовіўся выстаўляць на аукцыён гэтую нерухомасць. Справу перанакіравалі ў аддзел прымусовага пакарання Першамайскага раёна Мінска.

Спрабавалі прадаць мой участак і ў Пухавіцкім раёне, але там таксама, відаць, нічога не атрымалася. Быццам бы суд з гэтай нагоды быў, але я нават не ведаю, чым ён закончыўся. На суды я не езджу.

Улада наогул паводзіць сябе дзіўным чынам. З кім яна змагаецца? На што трацяцца дзяржаўныя сродкі? На пенсінерку, якая выходзіць на вуліцу з плакатамі ці бел-чырвона-белым сцягам.

– А вашу мінскую кватэру не чапаюць?
– Яна не мая, бо я ад яе адмовілася. Кватэра належыць дзецям, дакументы даўно аформлены належным чынам.

– Ці будзеце працягваць сваё змаганне?

– Адно магу сказаць: нічога супрацьзаконнага я не раблю. Мне хочацца проста справядлівасці. Я – чалавек, у якога баліць душа за Беларусь.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Лабковіч
  • Зьміцер Дашкевіч
  • Уладзімер Някляеў
  • Аляксей Янушэўскі
  • Уладзімер Лобан