Алесь Бяляцкі пра ператрусы ў офісах Tut.by і БелаПАН: Ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі пракаментаваў сайту  palitviazni.info сёняшнія ператрусы ў офісе самага папулярнага Інтэрнэт-партала Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

“Гэта мэтанакіраваная палітыка абмежавання інфармацыйнага поля ў Беларусі з тым, каб трымаць беларускіх грамадзян у атмасферы страху, няпэўнасці і дэзінфармацыі”, – адзначае праваабаронца..

7 жніўня два паверхі офісаў партала TUT.by, размешчаных у БЦ Omega Tower, ачапілі супрацоўнікі спэцслужбаў.

З’явілася інфармацыя, што затрымана галоўны рэдактар партала Марына Золатава і рэдактар Ганна Калтыгіна, якіх абвінавачваюць у тым, што яны заходзіла на сайт дзяржаўнага агенцтва БелТА па старым паролі платнага доступу.

Аналагічныя прэтэнзіі сілавікоў ёсць да выдавецтва «Беларуская навука» і да інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. У БелаПАНе затрыманая журналістка Таццяна Каравянкова.

“Усе гэтыя факты сведчаць пра адно: ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы, – кажа Алесь Бяляцкі. – Такія праявы ў краіне адбываюцца то больш востра, то менш востра, але ад іх улады не адступаліся ніколі. Гэты працэс ідзе фактычна ўсе апошнія 25 гадоў. Мы добра памятаем, як прэсавалі журналістаў і ў 90-я, і напачатку 2000-х. Незалежным СМІ рэгулярна ўстаўлялі палкі ў колы”.

Са слоў праваабаронцы, праз крымінальны пераслед улады спрабуюць абмяжоўваць права беларусаў на свабоду атрымання інфармацыі.

“Былі праблемы ў незалежных СМІ з падпіскай, распаўсюдам выданняў праз шапікі “Белсаюздрука”, – працягвае Алесь Бяляцкі. – Гэта такая мэтанакіраваная палітыка абмежавання інфармацыйнага поля ў Беларусі з тым, каб трымаць беларускіх грамадзян у атмасферы страху, няпэўнасці і дэзінфармацыі”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні