Алег Гулак: Суд цікавіць далёка не тое, што запісана ў афіцыйным абвінавачванні

3 жніўня – пяты дзень судовага працэса над лідарамі прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам.

“Улады дакладна разумеюць, што, калі Фядыніча і Комліка адправіць за краты, то будзе рэзананс не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі, – распавёў сайту palitviazni.info старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак.

Ужо тыдзень, як у судзе Савецкага раёна Мінска доўжыцца працэс па гучнай “справе прафсаюзаў”.

Прафсаюзным лідарам прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала каля 23 тысяч рублёў.

“Па характары следства і пытанняў, якія задаюцца на судзе, працэс крыху дзіўны, – кажа Алег Гулак.Суд цікавіць далёка не тое, што запісана ў афіцыйным абвінавачванні. Пабачым, што далей з гэтым будзе адбывацца, але пакуль сітуацыя нейкая незразумелая”.

Са слоў праваабаронцы, прызнанне сакратаркі прафсаюза РЭП Юліі Юхнавец, што яна была ў прафсаюзе агентам КДБ – гэта таксама адметнасць судовага працэса.

“Відавочна, што кантроль за дзейнасцю прафсаюзнай арганізацыі такімі метадамі – гэта была ненармальная сітуацыя ў дэмакратычнай краіне, – працягвае Алег Гулак. – Такі кантроль можна было б зразумець, калі б гаворка ішла пра нейкую тэрарыстычную арганізацыю, але якія былі абставіны ўкараняць агентаў у грамадскую арганізацыю? Зразумела, што тут – палітычныя матывы, што само па сабе ўжо не ўкладаецца ў рамкі працы КДБ і аператыўна-пошукавай дзейнасці”.

Кіраўнік БХК лічыць, што канчатковае рашэнне будзе прымацца выключна на высокім дзяржаўным узроўні.

“Улады дакладна разумеюць, што, калі Фядыніча і Комліка адправіць за краты, то будзе рэзананс не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі, – дадае суразмоўца. – Міжнародны прафсаюзны рух таксама будзе задаваць беларускім уладам непрыемныя пытанні, таму ўсе гэтыя моманты будуць ўлічаны пры прыняцці рашэння”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні