Гары Паганяйла: Будзе абвінаваўчы прысуд…

30 ліпеня пачнецца судовы разгляд справы супраць лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

“Улічваючы, што гэтая справа мае ярка акрэслены палітычны падтэкст, то, на мой погляд, справядлівага рашэння чакаць не варта, – распавёў сайту palitviazni.info юрыст “Беларускага Хельсінкскага Камітэту” Гары Паганяйла. – Як не варта чакаць і хуткага разгляду справы…”

Як вядома, Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад’яўляюцца абвінавачанні ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Як лічыць следства, па віне сваіх лідараў прафсаюз РЭП не заплаціў у дзяржаўны бюджэт падаткаў на агульную суму каля 23 тысяч рублёў.

– Асабіста я не ведаю ўсе акалічнасці справы і тое, якім чынам следства забяспечыла правільнасць абвінавачванняў, – кажа Гары Паганяйла. – Але, улічваючы, што гэтая справа мае ярка акрэслены палітычны падтэкст, то, на мой погляд, справядлівага рашэння чакаць не варта. Як не варта чакаць і хуткага разгляду справы. Яна мае 11 тамоў матэрыялаў, дапытаны сотні сведкаў.

Таму пакуль будуць правяраць доказную базу, пакуль заслухаюць усіх сведак, час пройдзе немалы. У тыдзень не ўкладуцца. Але, паўтаруся, на канчатковае рашэнне гэта, хутчэй за ўсё, не паўплывае, бо ўсе мы ведаем, як суддзі ставяцца да апанентаў улады.

– Можаце спрагназваць, якім будзе судовае рашэнне?

– Магу сказаць дакладна – будзе абвінаваўчы прысуд. Іншая справа, што мы ж бачым – Комлік і Фядыніч падчас расследвання справы нават пад вартай не знаходзіліся. Гэта паказвае, што жорсткага прысуду таксама не варта чакаць.

Такім чынам улады паказваюць, што яны па-ранейшаму будуць прэсаваць сваіх найбольш “агрэсіўных” апанентаў, хаця і стрымліваюць сябе ў эмоцыях, каб паказаць “цукерку” Захаду. Дзесяць год таму гэтыя прафсаюзныя лідары адназначна пайшлі б у турму на некалькі год, а зараз, думаю, пакаранне не будзе звязана з абмежаваннем волі.

Увогуле, вайна супраць незалежных прафсаюзаў працягваецца ўжо даўно. Актывістаў звальнялі з прадпрыемстваў, цягалі па судах, аказваўся ціск на іх родных. Зараз у дадатак на лідараў прафсаюза РЭП яшчэ і крымінальную справу завялі.

– А падчас следства было дапытана каля 800 сябраў прафсаюза…

– І гэта таксама дадатковы ціск на незалежныя прафсаюзы і на яго актывістаў. Таму чакаць літасці ад ўладаў і суда не даводзіцца – апраўдаўчага прысуду не будзе. У свой час кіраўнік Правабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі па гэтым жа артыкуле атрымаў рэальны тэрмін зняволення, але тады ўлады добра апякліся на справе.

Была вельмі жорсткая рэакцыя міжнароднай супольнасці, але зараз улады не гатовы для паўтарэння старога сцэнара. Хаця грошы з лідараў прафсаюза, безумоўна, пастараюцца спагнаць па поўнай праграме – у бюджэце фінансаў не хапае.

– Улада не зацікаўлена ў з’яўленні новых палітвязняў?

– Безумоўна, не зацікаўлена, бо такім чынам яна разарве ўсе тыя сувязі з Захадам, што ўсталяваліся апошнім часам. І тут улада дзейнічае вельмі асцярожна, не пераходзячы нейкіх крайніх межаў. Напрыклад, “справа прафсаюзаў” ёсць, але прафсаюзных лідараў не пасадзяць, а пакінуць на волі, то і міжнароднай рэакцыі на прысуды не будзе практычна ніякай.

Хаця ў той жа час ціск на незалежны прафсаюз адбыўся капітальны! Як бачым, улада стала дзейнічаць больш гнутка, але ўсё роўна жорстка. Фядыніч і Комлік не будуць прызнаны палітвязнямі, бо іх не адправяць за краты, і ў той жа час прэсанулі па поўнай праграме. Улада дзейнічае па прынцыпе: і нашым, і вашым.

– На ваш погляд, ці будуць у бліжэйшай будучыні з’яўляцца новыя палітычныя справы?

– Безумоўна, будуць, таму што прыроды ўлады не змяняецца. Яна, як была таталітарнай, такой жа і засталася. Яна застаецца недэмакратычнай, кіруецца прынцыпамі татальнага ўпраўлення грамадствам. А для гэтага ў грмадстве павінен быць страх, які выклікаюць шматлікія рэпрэсіі.

Таму, як толькі грамадства саспее да нейкіх грамадскіх рэакцый, то адразу ж пачнуць ізноў закручваць гайкі і пачнуцца рэпрэсіі. Адным словам, можа адбыцца адкат. Гэтага нельга выключаць.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні