Генадзь Фядыніч: Добра ўжо тое, што нарэшце пачнецца суд

Як вядома, суд над актывістамі прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам прызначаны на 30 ліпеня.

“Нягледзячы на тое, што справу будзе разглядаць суд Савецкага раёна, працэс пройдзе ў памяшканні Ленінскага суда Мінска”, – распавёў сайту palitviazni.info Генадзь Фядыніч.

– Калі атрымалі павесткі, то стала вядома, што працэс будзе адбывацца на вуліцы Сямашка (пакой 1071) суда Ленінскага раёна Мінска, – кажа Генадзь Фядыніч. – Чаму так адбылося? Пра гэта можна толькі здагадвацца. Магчыма, з-за таго, што ў судзе Савецкага раёна малыя залы судовых пасяджэнняў, туды больш 20 чалавек не ўмяшчаецца. А справа ж рэзанансная, таму не будзе дзе пасадзіць людзей. Хаця, шчыра кажучы, я пакуль нават і не ведаю, ці вялікая хала, дзе пройдзе працэс.

— Хто вас з Ігарам Комлікам будзе абараняць?

— Два сталічныя адваката. Мяне будзе абараняць Наталля Мацкевіч, а Ігара Комліка — Людміла Казак. Мы шукалі такіх юрыстаў, якія б не толькі добра ведалі міжнародныя адносіны, але і мелі сваю грамадзянскую пазіцыю. Дарэчы, Наталля Мацкевіч у свой час прадстаўляла інтарэсы Улляны Захаранка – маці зніклага былога міністра унутраных спраў Юрыя Захаранкі, Уладзіміра Някляева, а гэтымі днямі абараняла ў судзе блогера і журналіста Зміцера Галко.

– Які ў вас настрой перад судом?

– Добра ўжо тое, што нарэшце пачнецца суд, а то ж расследванне справы і іншыя працэдуры расцягнулі амаль на год. Наш прафсаюз працуе ў штатным рэжыме, нягледзячы на ўсё астатняе. А што датычыцца справы, то, калі пазнаёміўся з ёй, не ўбачыў там ніякай даказальнай базы. Пабачым, чым будзе апеляваць пракурор.

***

Нагадаем, што Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). 2 кастрычніка 2017 году Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі Следчага камітэта, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

18 чэрвеня пракуратура перадала “справу прафсаюзаў” у суд Савецкага раёну Мінска.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Гумінскі
  • Анатоль Паўлаў
  • Віктар Івашкевіч
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Уладзімер Лыско