Валянцін Стэфановіч: У Літве, калі на акцыю збіраецца да дзесяці чалавек, наогул не трэба паведамляць пра правядзенне мерапрыемства

28 чэрвеня адбылася прэзентацыя альтэрнатыўнага законапраекта “Аб свабодзе мірных сходаў”, які быў падрыхтаваны беларускімі праваабаронцамі і міжнароднымі экспертамі ў гэтай галіне.

“Разумеем, што закон “Аб масавых мерапрыемствах” ужо прыняты ў другім чытанні, але, тым не менш, мы стварылі ўзорны дакумент, які прапануем для таго, каб дэпутаты яго выкарысталі альбо цалкам, альбо хаця б часткова. Таму што змены ў законе абсалютна не знялі нашы прэтэнзіі да яго, і шмат з іх застаюцца актуальнымі”, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

“Гэты альтэрнатыўны законапраект застаецца актуальным, бо змены ў існуючы закон “Аб масавых мерапрыемствах”, якія зусім нядаўна былі прынятыя Палатай Прадстаўнікоў у другім чытанні, не набліжаюць яго да міжнародных стандартаў у галіне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў. У ім застаюцца істотныя абмежаванні правоў грамадзян Беларусі”, – так анансавалі прэзентацыю праваабаронцы.

Варта адзначыць, што падчас мерапрыемства ў сталічным “Прэс-клубе” адкрылася і фотавыстава, на якой можна ўбачыць здымкі тых месцаў у розных гарадах Беларусі, дзе на дадзены момант дазволена правядзенне мірных сходаў.

– Гэты альтэрнатыўны законапраект мы хочам накіраваць у парламент, – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. – Разумеем, што закон “Аб масавых мерапрыемствах” ужо прыняты ў другім чытанні, але, тым не менш, сы стварылі ўзорны дакумент, які прапануем для таго, каб дэпутаты яго выкарысталі альбо цалкам, альбо хаця б часткова. Таму што змены ў законе абсалютна не знялі нашы прэтэнзіі да яго, і шмат з іх застаюцца актуальнымі.

Калі змены ў закон “Аб масавых мерпарыемствах” былі прыняты ў першым чытанні, то мы падрыхтавалі праграму-мінімум з 5-6 нашых прапаноў для ўнясення ў закон у якасці зменаў, але пры гэтым, натуральна, адзначалі, што трэба прымаць паўнавартасны новы закон.

– І які вынік вашага звароту?

– На жаль, нашы прапановы не былі ўлічаны дэпутатамі, хаця нас і запрасілі на пашыранае пасяджэнне камісіі па правах чалавека, дзе былі прадстаўнікі іншых парламенцкіх камісій, Мінгарвыканкама, МЗС…

Мы мелі магчымасць прадставіць свой погляд на сітуцыю з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у Беларусі, казалі, якім чынам можна гэта ўсё рэгуляваць. Але, тым не менш, засталося так., як засталося. Таму зараз і з’явіўся альтэрнатыўны законапраект, які мы, як ужо казаў, прадставім у парламент. Хаця з іншага боку мы рэальна ацэньваем сітуацыю. Малаверагодна, што з нашых прапаноў нешта будзе выкарыстана. Але ён застанецца ў любым разе. Можа быць, калі будзе абраны сапраўдны парламент на сапраўды дэмакратычных выбарах і там будзе больш розных палітычных сілаў, то яны, напэўна, будуць зацікаўлены ў прыняцці сапраўды дэмакратычных законаў, якія рэгуляюць рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных правоў па міжнародных стандартах. Тады і змогуць скарыстацца нашым гатовым законапраектам.

– Якія вашы асноўныя прапановы ў закон?

– Па-першае, мы казалі, што патрэбен паведамляльны характар для ўсіх сходаў, якія праводзяцца не толькі на вызначаных ўладамі месцах Таксама некаторыя віды акцый не павінны трапляць пад дзеянні рэгулявання законам. Тыя ж адзіночныя пікеты альбо стыхійныя сходы, бо зразумела, што іх немагчыма ўрэгуляваць. Варта сказаць і пра правядзенне контрдэманстрацый, калі некалькі дэманстрацый прыхільнікаў розных поглядаў можна было б праводзіць у адным месцы, бо ўсе маюць права выказваць сваё стаўленне да сваіх апанентаў.

І, натуральна, аплата за акцыі павінна быць часткай абавязальніцтваў дзяржавы, якая павінна ствараць умовы для рэалізацыі свабоды мірных сходаў. Адным словам, сходы павінны аплочвацца з муніцыпальнага бюджэта, а не з кішэні арганізатараў акцый, як гэта зараз у нас робіцца.

Акрамя таго, у альтэрнатыўным законапраекце ёсць і шэраг іншых фармуліровак. Зараз, напрыклад, людзей затрымліваюць за сходы ў дамашніх умовах, што ў прынцыпе абсурдна, паколькі сход адбываецца ў публічных, а не ў прыватных месцах. І калі нехта сабраўся на кватэры, то за што караць?

Быў выпадак, калі блогера хацелі судзіць за фотаздымак быццам бы пікета, які быў апублікаваны ў сацыяльных сетках. Але фота аказалася фэйкам…

–  У сёняшнім дзеючым заканадаўстве наогул няма такога вызначэння, як адзіночны пікет. У нас ёсць такі від масавага мерапрыемства, як пікетаванне. У тым ліку, і адной асобай, што, натуральна, нават супярэчыць назве закона. Пры чым тут масавае мерапрыемства, калі чалавек стаіць адзін з плакатам? Але, тым не менш, нават калі чалавек адзін праводзіць пікет, ён трапляе пад дзеянне закона – мусіць падаваць за 15 дзён да мерапрыемства заяўку ў мясцовыя ўлады, аплочваць выдаткі па прыборцы тэрыторыі і аховы грамадскага парадку. Зараз у новым законе будзе паведамляльны характар, але дазволяць пікетаванне толькі ў вызначаных уладай месцах.

А мы зыходзілі з прыкладу іншых краін. У Літве, напрыклад, калі на акцыю збіраецца да дзесяці чалавек, наогул не трэба паведамляць пра правядзенне мерапрыемства.

– На ваш погляд, дзеля чаго ў Беларусі ўлады так ускладнілі сітуацыю з правядзеннем мірных сходаў?

– Працэс ішоў паступова. З другой палове 90-х меры прымаліся ўсё больш жорсткія, а пасля была прынята адна з чарговых версій закона, дзе мясцовыя ораганы вызначылі пастаянныя месцы, дзе можна праводзіць сходы. Хаця я яшчэ памятаю часы (канец 90-х), калі можна было праводзіць легальна сходы і пікеты ў цэнтры горада. Потым пікетавання адсунулі ў месцы, якія не наведваюцца. Людзі не бачаць мерапрыемства, і губляецца сэнс акцыі. Калі ж чалавек выходзіць на акцыю без дазвола, то пачынаюцца рэпрэсіі. Але тут трэба разумець, што гэта звычайная логіка аўтарытарнаай краіны. Было б дзіўна, калі б улады паступалі інакш.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Лыско
  • Анатоль Шумчанка
  • Зьміцер Новік
  • Аляксей Янушэўскі
  • Міхаіл Чыгір