“Справа Барановіча”: крымінал ці палітычны пераслед?

15 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Мінска распачаўся судовы працэс па крымінальнай справе Святаслава Барановіча, які быў сярод тых, хто 15 сакавіка мінулага пасля санкцыянаванага “Маршу недармаедаў” у Мінску перашкаджаў затрыманням дэманстрантаў.

“Думаю, што ўлада робіць паказальны працэсс для таго, каб людзі пабаяліся даваць любы сілавы адпор уладзе, нават не думалі аб гэтым”, – распавёў сайту palitviazni.info былы палітвязень Мікола Дзядок.

Святаслаў Барановіч быў затрыманы толькі 3 кастрычніка і да суда знаходзіўся ў СІЗА №1 г. Мінска. Яму прад’яўлена абвінавачванне ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутранных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу), хаця першапачаткова справу распачалі па хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэксу).  Хлопцу пагражае арышт на тэрмін да трох месяцаў, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі – да шасці гадоў, паведамляе spring96.org.

“Я не бачу ніякай віны Святаслава Барановіча, – кажа палітык Мікалай Статкевіч. – Чалавек убачыў, што на вуліцы невядомыя ў цывільным чапляюцца да маладых людзей і заступіўся за моладзь. У міліцыянераў жа на тварах не напісана, адкуль яны, але яны былі без формы. А бараніць іншых ад тых, хто нападае, абавязак кожнага грамадзяніна. Таму гэта чыста палітычная справа. Найперш судзіць трэба тых, хто нападае, збівае і аддае такія каманды. Але, думаю, да гэтага дойдзе пазней”.

 “Мяркую, што ўлада робіць паказальны працэсс для таго каб людзі пабаяліся даваць любы сілавы адпор уладзе, нават не думалі аб гэтым, – дадае Мікола Дзядок. – І справа гэта, безумоўна, палітычная. Дарэчы, тое, што Святаслаў Барановіч абараняў менавіта анархістаў, думаю, можа паўплываць на выніковы прысуд у горшы бок”.

Тым часам, праваабаронцы пакуль не робяць ніякіх высноў па гэтай справе.

“Пакуль мы назіраем за працэсам, займаемся маніторынгам сітуацыі”, – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Працяг разгляду справы адбудзецца 20 лютага.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні