Генадзь Фядыніч: Пачаліся масавыя допыты нашых актывістаў па ўсёй краіне

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info пра перспектывы крымінальнай справы, якая заведзена на прафсаюзных актывістаў, і пра тое, у якім накірунку ў апошні час актывізаваліся следчыя.

“23 студзеня з гэтай нагоды мы вымушаны былі прыняць спецыяльную заяву”, – кажа Генадзь Фядыніч.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Праваабаронцамі Ігар Комлік быў прызнаны палітычным зняволеным. 2 кастрычніка ён быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Зараз расследванне крымінальнай справы працягваецца, а 23 студзеня, на спецыяльным пасяджэнні прафсаюза РЭП, была прынята адмысловая заява.

– Мы адзначаем у заяве, што прайшло ўжо амаль 6 месяцаў з таго часу, як распачалася крымінальная “справа прафсаюзаў”, а нам да гэтага часу не вярнулі камп’ютарную тэхніку, – кажа Генадзь Фядыніч. – 2 жніўня забралі камп’ютары, дакументацыю, мабільныя тэлефоны. Безумоўна, усё гэта не дазваляе нам у поўным аб’ёме рабіць сваю законную працу.

Але занепакоенасць выклікае не толькі гэты факт. Відаць, апошнім часам была нейкая ўстаноўка з цэнтра ў рэгіёны, бо следчыя з абласных і раённых цэнтраў раптам сталі масава выклікаць на допыты шэраговых сябраў прафсаюза РЭП і нашых актывістаў. Па папярэдняй інфармацыі, дапыталі ўжо каля 90 чалавек па ўсёй краіне.

– На ваш погляд, з чым гэта звязана?

– Карыстаючыся тым, што працягваецца “справа прафсаюзаў”, улады вырашылі ўзмацніць ціск на наш прафсаюз. Пайшла яшчэ адна хваля, каб скампраментаваць нашу арганізацыю і яе лідараў у вачах грамадскасці, спыніць актыўную працу прафсаюзаў па абароне інтарэсаў шэраговых грамадзян. Безумоўна, мы патрабуем, каб улады спынілі ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы арганізацыі.

Дарэчы, яшчэ ў жніўні сілавікі папрасілі, каб мы далі поўны спіс сябраў прафсаюза РЭП, іх кантакты і месцы працы. Натуральна, мы далі адмоўны адказ, таму што ўнутраная кухня прафсаюза – гэта асобная справа. Мы перажываем за кожнага нашага сябра, і, натуральна, здаваць нікога не збіраліся. Але, калі ў нас забралі камп’ютарную тэхніку, там, відаць, знайшлі старую базу звестак сябраў арганізацыі, з якімі зараз масава і працуюць следчыя. Безумоўна, кагосьці гэта палохае, нехта спакойна ставіцца да сітуацыі. Але адно можна сказаць – пасля гэтага не было ніводнай заявы па выхаду з прафсаюза.

– У заяве вы раіце сябрам прафсаюза не сведчыць супраць сябе і скарыстацца правам не даваць ніякіх паказанняў ды не падпісваць пратаколы аб неразгалошванні быццам бы тайны следства…

– Безумоўна, па Канстытуцыі людзі маюць на гэта поўнае права. Увогуле, уся гэтая сітуацыя, думаю, не дадасць станоўчага іміджа беларускім уладам, якія зараз імкнуцца яго палепшыць на Захадзе. А станоўчы імідж – гэта інвестыцыі.

Са свайго боку мы ў абавязковым парадку праінфармуем пра тое, што адбываецца, Міжнародную арганізацыю працы, іншыя міжнародныя прафсаюзныя аб’яданні. Распаўсюдзім таксама заяву сярод амбасадараў і адправім яе ў Генеральную пракуратуру. Упэўнены, што разам мы выпрацуем эфектыўныя меры, каб была спынена і крымінальная справа, і ўвогуле ціск на прафсаюз РЭП.

– Можа быць, ціск – гэта такая прэвентыўная мера?

– Не выключана, бо, нягледзчы на тое, што “справа прафсаюза” працягваецца, мы не спынілі сваю працу. У нас толькі за апошні квартал мінулага году больш за 200 сябраў уступіла ў прафсаюз РЭП. Мы дапамагаем людзям, выйграем суды, робім добрую справу, і гэта, відаць, уладам не вельмі падабаецца.

– А што наогул чуваць па “справе прафсаюзаў”?

– Напрыклад, мяне не выклікалі на допыты ўжо каля трох тыдняў. Следчыя зараз вельмі занятыя тым, што выклікаюць на допыты шэраговых сябраў прафсаюза. Напэўна, гэта вельмі адказная праца, бо, па маёй інфармацыі, у групу, якая вядзе крымінальную справу, далучыўся яшчэ адзін следчы.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ірына Халіп
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Мікола Маркевіч
  • Вадзім Кабанчук
  • Кацярына Садоўская