Міраслаў Лазоўскі: Мы былі закладнікамі…

27 лістапада спынены крымінальны пераслед усіх удзельнікаў справы «Белага легіёну». Матэрыялы справы перададзеныя ў пракуратуру. Пра гэта заявіў 30 лістапада кіраўнік СК Іван Наскевіч на прэс-канферэнцыі ў Магілёве.

“Не выключаў і горшы варыянт развіцця падзей, але добра, што ўсё добра закончваецца”, – распавёў сайту palitviazni.info адзін з фігурантаў справы, колішні кіраўнік “Белага легіёна” Міраслаў Лазоўскі.

«Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе скончана. 27 лістапада следчым прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы. Мы лічым, што ў гэтай справе пастаўлена кропка. Крымінальная справа накіраваная пракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння. Усе фігуранты па справе ў сапраўдны момант пачалі азнаямленьне з пастановай аб спыненні і з матэрыяламі справы па іх хадайніцтве», — паведаміў Іван Наскевіч.

Нагадаем: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты справы выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а у чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

Не так даўно старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка”.

“Мы ведалі, што невінаватыя, але ніхто не мог спрагназаваць, у які бок павернецца справа, таму што дзеянні ўладаў немагчыма прадказаць, кажа Міраслаў Лазоўскі.У іх там свае палітычныя гульні, а мы проста сталі закладнікамі сітуацыі. Нас выкарысталі ў якасці страшылкі для насельніцтва падчас вясновых масавых выступаў людзей, а зараз справа згубіла ўсялякі сэнс, і з’яўлялася для ўладаў у пэўным сэнсе чамаданам без ручкі. Складана было яго несці, таму і вырашылі кінуць”.

Міраслаў Лазоўскі лічыць, што на закрыццё справы таксама маглі паўплываць і знешнія фактары.

“Ведаю, што “справу патрыётаў” пастаянна  ўзгадвалі падчас сустрэч еўрапейскіх і беларускіх чыноўнікаў, яе трымалі на кантролі, – працягвае суразмоўца.Натуральна, для далейшага развіцця беларуска-еўрапейскіх стасункаў гэтая справа была нікому не патрэбна. Пратэстаў няма, дыялог з Еўропай трэба працягваць, нашай віны таксама няма. І ўвогуле, як можна было кідаць за краты людзей, якія проста любяць сваю краіну? Але, паўтаруся, добра, што ўсё добра заканчваецца…”

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні