Ігар Комлік

Галоўны бухгалтар прафсаюза РЭП. Нарадзіўся 12 ліпеня 1959 году ў Мінску. У 1976 годзе скончыў сярэднюю школу № 57, паступіў ў Беларускі палітэхнічны інстытут. Паводле першай вышэйшай адукацыі — інжынэр-механік.

З 1994 да 2004 году працаваў у Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання (КБДЭМ). Быў старшынёй прафсаюзнай арганізацыі.

У 1997–2001 гадах вывучаў правазнаўства ў Міжнародным інстытуце прававых і сацыяльных дачыненняў.

З 2010 году – старшыня Мінскай гарадской першаснай арганізацыі РЭП, галоўны бухгалтар РЭП.

Сын Ігара Комліка — Андрэй Комлік-Ямацін — быў затрыманы па так званай «справе патрыётаў». Андрэй разам з жонкай Анастасіяй вырабляў адзенне ў нацыянальным беларускім стылі.

У Ігара Комліка двое ўнукаў.

Храналогія пераследу

2 жніўня адбыліся ператрусы ў офісе прафсаюзу РЭП, а таксама дома ў кіраўніка арганізацыі Генадзя Фядыніча, Ігара Комліка і былой рэдактаркі прафсаюзнага сайта praca-by.info Наталлі Пічужкінай. Былі канфіскаваныя электронныя носьбіты, цвёрдыя дыскі кампутараў і дакументацыя.

Акрамя таго, ператрус прайшоў у офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску. Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю (ДФР КДК) канфіскавалі ноўтбукі і цвёрдыя дыскі кампутараў.

Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і Натальля Пічужкіна пасля допыту былі адпушчаныя, а галоўны бухгалтар прафсаюзу РЭП Ігар Комлік накіраваны ў мінскі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Пазней стала вядома, што ён пераведзены ў СІЗА на Валадарскага.

Камітэт дзяржкантролю апублікаваў прэс-рэліз, прысвечаны затрыманням і ператрусам у офісах незалежных прафсаюзаў. Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску ў дачыненні Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка па фактах ухілення ад выплаты падаткаў узбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу РБ. Ім пагражае да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

3 жніўня праваабарончыя арганізацыі заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітычным зняволеным.

Паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідараў крымінальная справа палітычна матываваная, звязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленнем права на свабоду асацыяцыяў.
palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні