Чым займаюцца фігуранты “справы патрыётаў”?

Грамадскі прадстаўнік сем’яў фігурантаў “справы патрыётаў” Ніна Шыдлоўская распавяла сайту palitviazni.info пра перспектывы гэтай гучнай справы, а таксама пра тое, чым зараз займаюцца яе фігуранты.

 “Амаль усе хлопцы вярнуліся да таго, чым займаліся да арышту”, – кажа яна.

30 ліпеня споўніўся месяц, як на волю выйшаў апошні зняволены фігурант «справы патрыётаў», ранейшы кіраўнік «Белага легіёна» Міраслаў Лазоўскі.

Нагадаем, што затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лагерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэкса), пазней з’явілася абвінавачанне ў «стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім» (арт.287 КК). У чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, але затым паступова ўсіх вызвалілі.

Зараз праваабаронцы звяртаюць увагу, што пераслед фігурантаў за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» спынены, але не была спынена сама справа, ад якой раней адмовіўся КДБ. Пры гэтым невядома імя ніводнага чалавека, які меў бы на сёння статус падазронага па гэтай справе.

“Наколькі мне вядома, зараз ніякіх допытаў няма, як няма і іншых следчых дзеянняў у дачыненні да хлопцаў, – кажа Ніна Шыдлоўская. – Але ў той жа час мы бачым, што няма ў сілавікоў пакуль намеру і цалкам закрыць гэтую справу. Прынамсі – пакуль няма. Таму ўсё гэта аказалася ў нейкім падвешаным стане. З аднаго боку, фігурантаў “справы патрыётаў” быццам бы і не чапаюць, яны на волі, але з другога – справа ў любы момант можа “раскруціцца” зноў. І ніхто дакладна не дасць прагноз, ці дойдзе справа да суда, бо гэта будзе залежаць шмат ад якіх акалічнасцяў. Натуральна, калі б былі нейкія доказы крымінальнага злачынства, то справа ўжо была б у судзе, а хлопцы знаходзіліся б не дома. Добра ўжо тое, што сёння хлопцы не за кратамі, а са сваімі сем’ямі”.

Са слоў Ніны Шыдлоўскай, амаль усе хлопцы займаюцца тым, чым займаліся да арышту:

“Напрыклад, Міраслаў Лазоўскі вярнуўся ў выдавецтва “Кнігазбор” на пасаду памочніка дырэктара, Алесь Яўдаха таксама займаецца распаўсюджваннем кніг праз  knihi.by. Андрэй Дундукоў працягвае працу ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, а Віктар Мароз – у камерцыйнай структуры… А вось у Валодзі Румянцава акурат падчас вызвалення падыходзіў да заканчэння кантракт у арміі, дзе ён служыў лейтэнантам, але ён працягваць яго сам не захацеў. Таму, як бачым, сітуацыя не паўплывала на працаўладкаванне хлопцаў пасля вызвалення. Прынамсі, палкі ў колы ніхто асабліва не ўстаўляе”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Някляеў
  • Анатоль Паўлаў
  • Максім Дашук
  • Зьміцер Ус
  • Васіль Старавойтаў