Сяргей Чыслаў: “Белы Легіён” сёння становіцца сімвалам барацьбы

Па інфармацыі праваабаронцаў, падоўжылі абраную меру стрымання пад вартай у дачыненні да некалькіх фігурантаў “справы патрыётаў”.

“Да нас даходзіла, што беларускі кіраўнік месяц таму быццам бы сказаў так: калі нічога не знайшлі, то адпускайце. Але такі варыянт для спецслужбаў не падыходзіць”, – распавядае сайту palitviazni.info ставаральнік легенларнай арганізацыі “Белы Легіён” Сяргей Чыслаў.

На сённяшні дзень толькі адзін з 16-ці фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, якія ўтрымліваюцца пад вартай, актывіст сацыял-дэмакратычнай партыі Сяргей Кунцэвіч, не праходзіць па справе, узбуджанай па артыкуле 287 КК (Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання).

Сяргей, на ваш погляд, чаму была распачата “справа патрыётаў, і што стала галоўным штуршком для гэтага?

– Насамрэч варыянтаў некалькі. Першы – збіць хвалю вясновых пратэстаў. Арышт патрыётаў – своеасаблівае псіхалагічнае ўдзеянне на беларусаў, хаця ўвесь сакавік быў неадэкватна жорсткі. Відаць, у планах уладных аналітыкаў быў і такі сцэнар. І людзі задумаліся, бо маглі згубіць не толькі грошы (а пратэставаў народ супраць падатка на “дармаедаў”), але і свабоду, а можа і здароўе.

Другі варыянт – праца расійскага лобі беларускіх спецслужбаў. Як толькі беларускі кіраўнік загаварыў пра неабходнасць здаровага патрытызму, пра неабходнасць перапісаць падручнікі па гісторыі Беларусі, пачынаючы ад Полацкага княства, літаральна за тры тыдні спецслужбы зляпілі “справу патрыётаў”, каб прадэманстраваць таму самаму кіраўніку, што гэта не тыя людзі, з кім варта сябраваць. Па БТ адразу ж паказалі канфіскаванае ў патрыётаў “дабро”. Відаць, згрэблі ўсё, што было ў сілавікоў на складах, уключаючы налепкі Антымайдану. Тое самае і па фігурантах справы. Бралі “легіянераў”, хаця сам “Белы легіён” ужо 15 год не існуе, як арганізацыя. Адпраўлялі за краты афіцэраў – былых выхаванцаў афіцыйна зарэгістраванага клубу “Патрыёт” і нават зусім выпадковых людзей. Пры гэтым спроба аналіза дзеянняў уладаў дае падставы разважаць пра нейкіх “памочнікаў” з боку, якія даўно адсочвалі тых самых афіцэраў-патрыётаў праз розныя каналы сувязі. У тым ліку, і праз розныя сацыяльныя сеткі. Афіцэры-патрыёты былі вызначаныя не ваеннай контрвыведкай, а менавіта па адкрытых інфармацыйных каналах. Крытэрам часцяком былі проста паездкі ва Украіну – нават, калі гэта было звычайнае турыстычнае наведванне Львова ці трэнінг у Карпатах.

І трэці варыянт – здаецца, 23 сакавіка прэзідэнт паведаміў журналістам, што навучыўся перамагаць у інфармацыйных войнах. Таму не выключаю, што патрыёты былі абраны ўладамі ў якасці ахвярнай жывёлы. І, напэўна, упэўненасці так званым “спецам” надаваў той факт, што супрацьлеглы бок нават адказаць не мае магчымасці.

Якая сёння рэальная сітуацыя ў гэтай справе?

– Рэальнай сітуацыі, відаць, і самі улады не разумеюць. Да нас даходзіла, што беларускі кіраўнік месяц таму быццам бы сказаў так: калі нічога не знайшлі, то адпускайце. Але такі варыянт для спецслужбаў не падыходзіць. Ім жа трэба захаваць твар, таму будуць нешта прыдумваць.

– Сёння адных фігурантаў справы выпускаюць пад хатні арышт, іншыя застаюцца пад вартай… Што будзе на выхадзе? Некаторыя мяркуюць, што справу могуць спусціць на тармазах, бо пратэсты ўжо скончыліся. Іншыя прагназуюць больш песімістычны сцэнар. Ваш прагноз: што далей?

– На мой погляд, пад хатні арышт выпускаюць таго, каго яны лічаць цалкам зламаным альбо хто “супрацоунічаў” са следствам. У тым ліку, гэта і сродак псіхалагічнага ўздзеяння на астатніх. Маўляў, будзеце, як Яўген Палтаржыцкі, і вас адпусцім (менавіта Палтаржыцкі распавядаў пра лясное сховішча «Белага легіёну» на кадрах Беларускага тэлебачання, паказаных напрыканцы сакавікаАўт.). І гэта ужо  справа Яўгена – зламацца да канца ці заявіць, што сказанае ім было зроблена пад ціскам. Магчыма, не толькі фізічным, але і хімічным.

– Мікалай Статкевіч заявіў, што некаторыя хлопцы падчас допытаў пад ціскам могуць сябе агаварыць. Маўляў, слабым звяном тут могуць стаць блізкія. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

– На жаль, гэта сапраўды так. Тыя патрыёты, якія ад пачатку ішлі у жорсткую адмову, менавіта і пачулі у свой бок – маўляў, ваша жонка з дзіцём можа позна вяртацца дамоў….

– Як увогуле ацэньваеце ўсю гэтую сітуацыю?

– Мне падаецца, што адбываецца дэградацыя спеслужбаў. Калі нас з Лазоўскім арыштоўвалі ў 2008 годзе, то такіх метадаў, як падкінуць зброю ці прымяніць “сыворотку правды”, яшчэ не ўжывалі. Але зараз яны прымушаюць гуляць па іх правілах і лічаць, што “навучыліся перамагаць”. Але іх перамогі – на імі ж прыдуманым полі.

– Якія высновы і ўрокі можна і трэба зрабіць з усёй гэтай гісторыі?

– Улады развучыліся ацэньваць, што іхнія дзеянні так ці інакш спараджаюць наступствы. “Белы Легіён” (фактычна забыты і для цяперашняй моладзі невядомы і незразумелы) сёння становіцца сімвалам барацьбы. Што б прапаганда не прыдумвала б, што б не паказвала, яны самі забіваюць у падсвядомасць усім жыхарам Беларусі думку: хочаш зменаў – стварай свой Легіён…

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні