Чым займаецца Аляксандр Лапіцкі пасля выхаду з бальніцы?

Не так даўно выйшаў з псіхіятрычнай лякарні пенсіянер Аляксандр Лапіцкі, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем.

“Хаця ён на волі, але ў той жа час застаецца пад прымусовым амбулаторным лячэннем”, – кажа праваабаронца Алег Волчак.

Нагадаем, 18 лютага ўрачэбна-кансультатыўная камісія Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя вырашыла, што знікла неабходнасць далейшага ўтрымання ў лякарні 81-гадовага пенсіянера Аляксандра Лапіцкага. Пазней суд таксама прыняў рашэнне аб спыненні прымусовага стацыянарнага лячэння Лапіцкага, і праз нейкі час той выйшаў з бальніцы.

“Але ў той жа час пенсіянер знаходзіцца пад прымусовым амбулаторным лячэннем, – распавядае кіраўнік праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтва” (Кіеў) Алег Волчак.У Аляксандра Лапіцкага ўжо была сустрэча з урачом-псіхіятрам, яны дамовіліся, што на наступным тыдні будуць падрабязна разбірацца ў яго сітуацыі і вырашаць пытанне аб лячэнні. Але справа ў тым, што Лапіцкага зусім не лячылі ў псіхіятрычнай лякарні  і нават прыклалі дакументы, што такое лячэнне не патрэбна. Таму мы будзем дабівацца, каб у гарадскім дыспансеры сабралася гарадская ўрачэбная камісія, якая б звярнулася ў суд аб зняцці з пенсіянера і прымусовага амбулаторнага лячэння”.

Па словах юрыста, пенсіянера больш хвалюе не ўласны псіхічны стан, а хворыя ногі, таму ён збіраецца ў бліжэйшы час наведацца ў санаторый.

“Усё-такі псіхалагічна складана чалавеку знаходзіцца ў “псіхушцы”, таму пасля амаль пяці месяцаў знаходжання там нармальным людзям трэба яшчэ і ў сябе прыходзіць, – дадае Алег Волчак. – Таму паездка ў санаторый дапаможа аднавіць фізічныя і душэўныя сілы. Хаця да медыцынскага персаналу псіхіятрычнай клінікі ў Аляксандра Лапіцкага прэтэнзій няма, усё было досыць карэктна. Але і трапляць туды ён больш не хоча”.

***

Аляксандр Лапіцкі – 81-гадовы пенсіянер з Мінску.

У 2011 годзе Лапіцкі пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіняера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суду.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Лапіцкі Аляксандр Нікіфаравіч здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні ім былі здзейсненыя ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. У выніку абскарджанняў, у задавальненні скаргаў было адмоўлена і пастанова суда набыла законную сілу.

14 лістапада стала вядома, што Аляксандр Лапіцкі быў прымусова накіраваны ў псіхіятрычны шпіталь.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Гайдукоў
  • Аксана Новікава
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Міхаіл Жамчужны
  • Ігар Корсак