Хто з былых палітвязняў патрапіў пад рэпрэсіі?

Па звестках праваабаронцаў, на 27 сакавіка ў спісе ахвяраў пераследу за акцыі грамадзянскага і сацыяльнага пратэсту знаходзілася каля 900 чалавек.

Сайт palitviazni.info прааналізаваў, хто з былых палітычных зняволеных патрапіў пад рэпрэсі ў апошні час.

Алег Волчак

21 сакавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска завочна асудзіў кіраўніка праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” (Кіеў) Алега Волчака да 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Сам праваабаронца ў суд не з’явіўся. Яго судзілі за ўдзел у Маршы абураных беларусаў, які прайшоў у сталіцы 17 лютага.

Алесь Бяляцкі

25 сакавіка ў офісе Правабарончага цэнтра “Вясна”, дзе працуе грамадская прыёмная, праходзіў інструктаж назіральнікаў, якія збіраліся ажыццяўляць маніторынг акцыі з нагоды Дня Волі, на што мелі акрэдытацыю БХК. Каля 13-й гадзіне ў офіс брутальна ўварваліся АМАПаўцы. Было затрымана каля 60 чалавек, у тым ліку міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі замежных СМІ і правабарончых арганізацый. Кіраўнік “Вясны” нейкі час не выходзіў на сувязь, але пасля высвятлілася, што пасля зачысткі офіса яго пакінулі там для афармлення папераў.

Аляксандр Баразенка

Затрымалі 12 сакавіка пасля “Марша недармаедаў” у Оршы. Здымаў затрыманне Паўла Севярынца. Аштрафавалі па пункце 17.1 ПДР нібыта за тое, што той “рухаўся па праезнай частцы дарогі пры наяўнасці абочыны”.

25 сакавіка аператар тэлеканалу Белсат Аляксандр Баразенка ізноў быў затрыманы, а пазней асуджаны ў судзе Маскоўскага раёна (суддзя Таццяна Мотыль) на 15 сутак. Яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Абвясціў у ізалятары галадоўку.

Анатоль Лябедзька

Затрыманы ў Маладзечна 10 сакавіка. Суд Маладзечанскага раёну пакараў старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі на 15 сутак за арганізацыю “Маршу недармаедаў”. Выйшаў на волю 25 сакавіка.

Анатоль Шумчанка

Быў затрыманы 23 сакавіка, недалёка ад дзіцячага сада, куды адвёў сваю дачку. Судом Маскоўскага раёна быў асуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту за “дробнае хуліганства”. На судзе міліцыянеры заяўлялі, што лідар РГА “Перспектыва” “лаяўся на вуліцы”.

Валерый Шчукін

Быў затрыманы 25 сакавіка ў Мінску на плошчы Калініна. Быў жорстка збіты пры затрыманні, з Заводскага РУУС праваабаронцу адвезлі ў ваенны шпіталь, дзе ён зараз і знаходзіцца.

Віталь Рымашэўскі

Затрыманы ў Маладзечна 10 сакавіка. Суд Маладзечанскага раёну пакараў аднаго з сустаршыняў БХД на 15 сутак за арганізацыю “Маршу недармаедаў”. Выйшаў на волю 25 сакавіка.

Вячаслаў Сіўчык

Апазіцыйны палітык, лідар руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык арыштаваны на 15 сутак. Такое рашэнне абвясціла 23 сакавіка суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня. Сіўчык быў прызнаны вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КоАП) у сувязі з удзелам у адной з акцый супраць дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”

На пасяджэнне суда палітык не з`явіўся, але пасля быў затрыманы па дарозе на пахаванне дзядзькі.

Зміцер Дашкевіч

Быў затрыманы 22 сакавіка і змешчаны ў следчы ізалятар у межах справы патрыятычна-спартовага лагера пад Асіповічамі. Затрымалі ў Мінску на вуліцы Карла Маркса, калі разам з Сяргеем Пальчэўскім ставілі кухню ў пісьменніка Уладзіміра Арлова. Хлопцы замовілі ежу для сябе з дастаўкай, але замест піццы ўварваліся міліцыянты ў цывільным. У ізалятары знаходзіцца да гэтага часу.

Зміцер Паліенка

Затрыманы 10 сакавіка ў Мінску. Арышт 7 сутак.

Затрыманы 20 сакавіка. Арышт 15 сутак. Прыйшоў перадаваць перадачу ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (Акрэсціна), там яго затрымалі і адвезлі ў суд Заводскага раёна.

Мікалай Дзядок

Мікалай быў затрыманы падчас акцыі 25 сакавіка ў Мінску і дастаўлены ў Партызанскі РУУС. Пасля яго адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна, адкуль даставілі ў шпіталь у хірургічнае аддзяленне з чэрапна-мазгавой траўмай.

Мікола Статкевіч

Экс-кандыдат у прэзідэнты знайшоўся 27 сакавіка пасля знікнення без вестак 23 сакавіка. Са слоў Статкевіча, ён быў у СІЗА КДБ, дзе яму паказалі крымінальную справу за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» з яго ўдзелам у час, калі ён быў за кратамі пасля Плошчы-2010. Тым часам, КДБ зрабіла заяву, што Мікалай Статкевіч у іх не ўтрымліваўся.

Павел Севярынец

Сустаршыня хрысціянскай дэмакратыі атрымаў адміністрацыйны арышт. 13 сакавіка суд Аршанскага раёна і горада прысудзіў палітыка да 15 сутак арышту.

Севярынец быў затрыманы за дзень да гэтага падчас акцыі «недармаедаў» у Оршы. Выйшаў на волю 27 сакавіка.

Уладзімір Някляеў

Палітык быў затрыманы ў ноч з 24 на 25 сакавіка берасцейскімі памежнікамі (знялі з цягніка) пасля вяртання з Польшчы. У складзе дэлегацыі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ён сустракаўся ў Варшаве з польскімі палітыкамі, а 23-га сакавіка яны правялі дыскусію ў Сейме Польшчы. 25 сакавіка Някляеў збіраўся браць удзел у Дні Волі ў Мінску.

Зараз Уладзімір Някляеў знаходзіцца ў шпіталі ў Брэсце з гіпертанічным крызам.

palitviazni.info

Фота: Наша Ніва

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні