Пасля жорсткага разгону мірнай акцыі 25 сакавіка было затрымана каля тысячы чалавек, суды ідуць і сёння.
“Паводзіны ўладаў – гэта ксеракопія 2010 году, а вось людзі вядуць сябе інакш”, – кажа палітык Анатоль Лябедзька, які 25 сакавіка выйшаў на волю пасля 15-сутачнага адбыцця пакарання.
Вось што думаюць пра паводзіны ўладаў падчас Дня волі некаторыя былыя палітвязні (паводле сацыяльных сетак):
Андрэй Пачобут:
– Тое, што Міколу Статкевіча выпусцілі – добры сігнал. Відаць, ад дыялога з Захадам улада па шэрагу многіх абставін адмовіцца не можа. Яна вымушана непакоіцца заходнім грамадскім меркаваннем і спрабуе падтрымліваць ілюзію нармальнасці і абгрунтаванасці сваіх дзеянняў. Так што ёсць рэальны шанц выцягнуць з турмаў на волю Зміцера Дашкевіча, а таксама астатніх затрыманых па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.
Варта звярнуць увагу таксама на тое, што пакуль няма інфармацыі аб прад’яўленні камусьці абвінавачвання і абрання меры стрымання. Фармальна на гэта ў КДБ “у выключных выпадках” ёсць 10 дзён з моманту затрымання… А любая палітычная справа ў Беларусі – гэта заўсёды “выключны выпадак”.
Анатоль Лябедзька:
– Паводзіны ўладаў – гэта ксеракопія 2010 году, а вось людзі вядуць сябе інакш. Калі шэсць з паловай гадоў таму напалоханя грамадзяне закрываліся на сваіх кухнях, і ў лепшым выпадку паказвалі кукіш у кішэні, то сёння яны ізноў і ізноў выходзяць на вуліцу. Страха, боязні стала менш, а жаданне перамен ўзмацнілася ў разы.
Славамір Адамовіч:
– Цудам застаўся па гэты бок і буду спаць на сваёй пасцелі. Ужо прапаноўвалі 25 сакавіка на вуліцы Казлова прайсці самаходам (невераемнае нахабства!) у іхны аўтазак, але мае журналісцкія бэджы і патрабаванне паказаць мне “старшага групы” дапамаглі…
Тым часам, сотні беларусаў сустракалі свае першыя суткі ў няволі ў смярдзючых засценках рэжыму. Прычым, ні за што!.. Глухая нянавісць расце, і цана пытання ў тым, калі ж адбудуцца роды новае рэчаіснасці…
palitviazni.info
Фота: svaboda.org