Судовы працэс над Андрэем Бандарэнкам пачнецца 9 лютага

Прызначаны дзень папярэдняга судовага пасяджэння над былым кіраўніком праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэем Бандарэнкам, які зараз адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4.

Пасяджэнне адбудзецца ў Ленінскім раённым судзе Магілёва 9 лютага ў 10.30.

Нагадаем, Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення. 11 студзеня Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Калі Андрэй Бандарэнка атрымае новы тэрмін зняволення па гэтым артыкуле, праваабаронцы прызнаюць яго палітзняволеным.

“Прызначылі дату суда над Бандарэнкам, але зрабілі гэта неяк дзіўна – назвалі гэта датай “папярэдняга пасяджэння”, – выказаў сваё меркаванне з гэтай нагоды былы палітвязень Мікалай Дзядок. – Што за “папярэдняе пасяджэнне? З якой мэтай яно робіцца? Мо яны зразумелі, што большасць жадаючых падтрымаць Андрэя будзе ехаць з Мінска і, расцягнуўшы працэс, хочуць зрабіць так, каб найменш людзей ездзіла?

Мікалай Дзядок пералічвае тыя “злачынствы”, за якія ў чарговы раз будуць судзіць Бандарэнку.

“Нагадаю, праваабаронцу пагражае два гады зняволення (у дадатак да 3,5 гадоў, што ён ужо адсядзеў) за пыл на тумбачцы, ляжанне на ложку ва “неўстаноўлены час”, “нестатутныя” размовы з іншымі арыштантамі, за тое, што не своечасова прадставіўся міліцыянеру, калі той зайшоў у камеру… І іншыя “нарушения установленного порядка отбывания наказания” – так яны гэта называюць”.

На думку Мікалая Дзядка, Бандарэнка атрымае 1,5-1,8 гады зняволення.

“І дай Бог, каб гэта быў апошні ягоны прысуд, бо артыкул 411 можна прымяняць неабмежаваную колькасць разоў, – дадае былы палітвязень. – Асабліва, калі грамадства маўчыць”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ігар Корсак
  • Аляксандар Фядута
  • Іван Шыла
  • Уладзімер Яроменак
  • Сяргей Гумінскі