Валянцін Стэфановіч: Змяшчэнне Аляксандра Лапіцкага ў псіхіятрычную лякарню дазваляе нам кваліфікаваць яго, як палітвязня…

Стэфановіч: Эўрапейскі зьвяз можа дамагчыся вызваленьня СтаткевічаПраваабаронца Валяцін СТЭФАНОВІЧ распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму можна казаць пра палітычны характар “справы Лапіцкага” і пра “статус палітвязня для пенсіянера”.

“Ізаляцыя Лапіцкага ў псіхітрычную лякарню выглядае як пакаранне за дзеянні, а не неабходная мера, звязаная з яго станам здароўя, – кажа праваабаронца. – Увогуле, ніякіх дзеянняў, якія б сведчылі, што пенсіянер нясе пагрозу для сябе і акружаючых, не было. І зараз мы заклікаем вызваліць яго з псіхіятрычнай лякарні і забяспечыць таму лячэнне, якое было б не звязанае з ізаляцыяй ад грамадства…”

Нагадаем, 4 лістапада супрацоўнікі міліцыі забралі на прымусовае стацыянарнае лячэння ў псіхіятрычную лякарню “Навінкі” 80-гадовага пенсіянера Аляксандра Лапіцкага.

Не выключана, што праваабарончая супольнасць можа прызнаць Аляксандра Лапіцкага палітвязнем.

Нагадаем, у 2011 годзе пенсіянер пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіянера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суда.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Аляксандр Лапіцкі здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 (“Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні здзейснены ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Гэта азначае, што пасля ўступлення пастановы ў сілу ён будзе пазбаўлены волі на перыяд прымусовага псіхіятрычнага лячэння.

А 14 лістапада супрацоўнікі міліцыі забралі пенсіянера на прымусовае стацыянарнае лячэння ў псіхіятрычную лякарню “Навінкі”.

— Мы ўжо рабілі папярэднюю заяву па гэтай справе, і разглядаем яе ў кантэксце крыміналізацыі дыфамацыйных формаў выказвання меркавання (замахаў на гонар, годнасць і рэпутацыю асобы шляхам распаўсюду зневажальных звестак альбо сцвярджэнняў абразлівага характару), – кажа суразмоўца. – Таму што сам факт дыфамацыі мы не адмаўляем. Але паводле практыкі, якая склалася, паводле падыходаў АБСЕ і ААН, недапушчальна яе крыміналізацыя. Асабліва, калі гэта датычыцца дыфамацыі службовых асобаў. Атрымліваецца, што іх абараняюць больш у параўнанні з іншымі грамадзянамі.

– Іншымі словамі, калі б Аляксандр Лапіцкі абразіў звычайнага грамадзяніна, то пакаранне было б іншым?

– Я думаю, у такім выпадку ён наогул не быў бы прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, а толькі да адміністратыўнай. А тут гаворка вядзецца пра абразу вышэйшых службовых асобаў – прэзідэнта, пракурора, суддзяў… Хаця ў практыцы гаворыцца, што і суддзі, і пракуроры не мусяць мець нейкую дадатковую прававую абарону ў параўнанні з іншымі грамадзянамі.

Таму лічым, што ў дадзеным выпадку ізаляцыя Лапіцкага ў псіхітрычную лякарню выглядае як пакаранне за дзеянні, а не неабходная мера, звязаная з яго станам здароўя. Увогуле, працяглы час (з моманту здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, якія інкрымінавалі яму) пенсіянер знаходзіўся не ў ізаляцыі. Ніякіх дзеянняў, якія б сведчылі, што Аляксандр Лапіцкі нясе пагрозу для сябе і акружаючых, таксама не было. Таму зараз мы заклікаем яго вызваліць з псіхіятрычнай лякарні і забяспечыць лячэнне, якое было б не звязанае з ізаляцыяй ад грамадства.

А ў частцы тых асобаў, якія прызнаны пацярпелымі па гэтай справе, мяркуем, што можа быць забяспечаны іншы механізм прававой абароны ў грамадзянска-прававым парадку. Таму што атрымліваецца, што справы, якія звязаны з дыфамацыяй звычайнай асобы, носяць звычайны характар. А справы, звязаныя са службовымі асобамі, – публічны, і для ўзбуджэння такіх спраў не патрэбна заява пацярпелага. Яна ўзбуджаецца органамі пракуратуры і, можа быць, прэзідэнт нават не ведае, што яго хтосьці абразіў.

– Ці можна казаць пра палітычны характар справы?

– Безумоўна, пра гэта сведчыць ізаляцыя ад грамадства Аляксандра Лапіцкага, якая, на нашу думку, не звязана з яго рэальным станам здароўя. Гэта фактычна пазбаўленне волі чалавека, ён не можа пакінуць лякарню самастойна, што дазваляе нам кваліфікаваць Аляксандра Лапіцкага, як палітвязня. І з гэтай нагоды праваабарончай супольнасцю прынята адпаведная заява.

Увогуле, ёсць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія павінны быць дэкраміналізаваны. У тым ліку, абраза прэзідэнта, абраза службовай асобы, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь… А, калі чалавек лічыць, што яго абразілі, ён можа падаваць скаргу ў суд у грамадзянска-прававым парадку. Могуць даць штраф, калі хтосьці распаўсюджвае непраўдзівую інфармацыю. Але гэта не павінна быць звязана з пазбаўленнем волі. І, як ужо казаў, не павінна быць дадатковай абароны да вышэйшых службовых асобаў.

 – Адным словам, Аляксандр Лапіцкі – новы палітвязень?

– Так, але пры тых падыходах, пра якія я ўжо казаў. Мы не збіраемся казаць, што пенсіянер зусім не вінаваты. Але навошта было адпраўляць чалавека ў псіхіятрычную лякарню, калі рэальнай пагрозы ён не ўяўляе? У Брэсце адзін таварыш на плоце ўвесь час пісаў абразы, але ж у тым выпадку ва ўлады хапіла розуму спыніць крымінальную справу.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Васіль Старавойтаў
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Алесь Бяляцкі
  • Алег Волчак
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў