“Пазіцыя вядомая: калі Лапіцкага накіруюць на прымусовае лячэнне, яго прызнаюць палітвязнем…”

get_imgПенсіянер Аляксандр Лапіцкі чакае судовага рашэння па сваёй справе. У выпадку, калі яго усё-такі накіруюць на прымусовае лячэння ў псіхіятрычную клініку, праваабаронцы прызнаюць пенсіянера палітвязнем.

Фрунзенскі суд Мінска прызнаў 80-гадовага Аляксандра Лапіцкага вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады і накіраваў яго на прымусовае лячэнне.

“На сёняшні момант мы чакаем рашэння, калі прызначаць калегію па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда, пасля чаго і будзе вынесены вердыкт па “справе Лапіцкага”, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Алег Волчак. – Альбо справа будзе спынена, альбо зацвердзяць мінулае рашэнне суда і на працягу месяца пенсіянера накіруюць на прымусовае лячэнне ў “Навінкі”.

Але мы ўжо раней казалі, што няма дастатковых доказаў вінаватасці Аляксандра Лапіцкага. Таксама не быў устаноўлены і яго дыягназ, бо адзін з сябраў камісіі так і не змог сказаць, у чым заключаецца “бредовое мышление” Аляксандра Лапіцкага. Праваабаронцы ўжо акрэслілі сваю пазіцыю – у выпадку, калі Лапіцкага накіруюць на прымусовае лячэнне, яго прызнаюць палітвязнем”.

Нагадаем, што ў 2011 годзе пенсіянер Аляксандр Лапіцкі пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіянера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суда.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай, у якой патрабаваў спыніць пераслед Аляксандра Лапіцкага і перагледзець заканадаўства адносна паклёпу на дзяржаўных асобаў. Праваабаронцы не выключаюць, што арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнае Аляксандра Лапіцкага палітвязнем.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Аксана Новікава
  • Вадзім Кабанчук