“Справа Джона Сільвера”: крымінал ці палітыка?

06E76CF3-E9A8-4C8D-9433-B53805213F64_mw1024_s_nБеларускія праваабаронцы патрабуюць ад уладаў забяспечыць працэсуальныя гарантыі і правы затрыманага блогера Эдуарда Пальчыса, вядомага як Джон Сільвер.

Былы палітвязень Павел Севярынец упэўнены, што гэтая справа “адназначна палітычная”, а вось праваабаронцы пакуль раяць не спяшацца з высновамі.

“Трэба высвятліць усе акалічнасці справы, за якой мы ўважліва сочым”, – заяўляюць яны.

Нагадаем, сайт 1863х.com створаны каля двух гадоў таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік рэсурсу вёў яго на ўмовах поўнай ананімнасці.

Пра затрыманне ў Расіі грамадзяніна Беларусі Эдуарда Пальчыса, ананімнага стваральніка сайта 1863x.com, вядомага пад нікам Джон Сільвер, стала вядома ў канцы студзеня гэтага года. Пазней высветлілася, што ён  знаходзіцца ў турме Бранска, паведамляе БелаПАН.

Пазней Эдуард Пальчыс быў экстрадзіраваны ў Беларусь. Ён абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 130 (“Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні”) і ч. 2 арт. 343 (“Распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Зараз Праваабарончы цэнтр “Вясна” прыняў заяву, у якой адзначаецца, што “да Эдуарда Пальчыса не дапускаюць адваката, хаця Канстытуцыя Беларусі і міжнародныя нормы, у тым ліку Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, гарантуюць правы чалавека на абарону”.

Аўтары заявы патрабуюць гарантаваць Пальчысу, якога трымаюць у СІЗА Жодзіна, права на абарону і неадкладна дапусціць да яго адваката, а таксама забяспечыць належныя ўмовы ўтрымання і абыходжання, якія не з`яўляліся б жорсткімі, бесчалавечнымі і не зневажалі годнасць, а таксама адпавядалі міжнародным стандартам ўтрымання зняволеных.

“Безумоўна, гэтая справа палітычная, – выказвае сваё меркаванне сайту palitviazni.info Павел Севярынец. – Усе тыя крымінальныя справы, якія ўзбуджаны ў дачыненні да Эдуарда Пальчыса (і распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці, і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў), на мой погляд, выключна палітычныя. Яны маюць на ўвазе аказаць ціск на чалавека. І, можа быць, нават яшчэ ў большай ступні аказаць ціск на блогераў ды карыстальнікаў сацыяльных сетак, якія выступаюць супраць расейскай імперыі. Не выключаю, што тут можа быць дамова паміж расейскімі спецслужбамі і беларускімі на тое, каб праз “справу Пальчыса” застрашыць астатніх. Асабіста для мяне тут усё зразумела. Ва ўмовах інфармацыйнай вайны, якая зараз ідзе паміж расейскай імперыяй і астатнім светам, гэты хлопец мужна змагаўся за незалежнасць Беларусі. Тут усё, як мне падаецца, відавочна і празрыста”.

Тым не менш, правабаронцы пакуль не спяшаюцца ў палітычных ацэнках справы.

“Каб зрабіць канчатковыя высновы, неабходна валодаць поўнай інфармацыяй па справе, – кажа праваабаронца Наста Лойка. – На гэты момант мы такой інфармацыяй не валодаем, хаця, безумоўна, за справай уважліва сочым. Зараз нас хвалююць умовы ўтрымання Эдуарда Пальчыса, а таму і прынялі такую заяву. Паўтаруся, гэтая справа без увагі праваабаронцаў не застаецца, але пакуль пра яе “палітычнасць” казаць яшчэ рана”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Саньнікаў
  • Кацярына Салаўёва
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Юрый Хадыка
  • Андрэй Клімаў