Пытанне санкцый: быць альбо не быць?

sanЗлучаныя Штаты Амерыкі зноў заклікалі беларускія ўлады распачаць крокі для паляпшэння сітуацыі ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека.

Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк паведаміла, што пытанне поўнага зняцця санкцый ў дачыненні да Беларусі, магчыма, паўстане па выніках парламенцкіх выбараў, якія пройдуць восенню гэтага году.

“У пытанні зняцця санкцый многае будзе залежыць ад геапалітычнага кантэксту, – распавядае сайту palitviazni.info былы палітвязень Мікалай Статкевіч. – Ад сітуацыі ў рэгіёне, ад дзеянняў Расеі і паводзінаў беларускіх уладаў. З боку апошніх, можа быць, дастаткова будзе нейкіх фіктыўных крокаў да паляпшэння сітуацыі. Зрэшты, шмат будзе залежыць і ад беларускага грамадства, ад таго, як яно адрэагуе на сітуацыю”.

У беларусь наведаліся з візітам намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк і намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Роберт Бяршчынскі.

Спадарыня Брынк нагадала падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ, што ў адказ на вызваленне беларускіх палітвязняў у жніўні мінулага года ЗША прыпынілі санкцыі ў дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў, а ў красавіку 2016-га — працягнулі гэтае рашэнне на паўгода.

“Гэтая мера носіць абмежавальны характар і залежыць ад далейшага развіцця падзей“, — падкрэсліла Брынк. На пытанне, ці будуць адмененыя санкцыі, калі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ станоўча ацэніць правядзенне парламенцкіх выбараў у Беларусі (яны павінны прайсці 11 верасня), прадстаўнік Дзярждэпартамента адказала: “Мы будзем глядзець і ацэньваць высновы БДІПЧ. Безумоўна, гэта будзе вялікім зрухам, калі БДІПЧ дасць добрую ацэнку выбарам”.

Са слоў былога палітвязня і экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, зараз амерыканцы спрабуюць крыху прэсінгаваць беларускія ўлады, каб тыя рухаліся ў бок дэмакратызацыі.

“Іншая справа, на якія змены пойдзе афіцыйны Мінск, – дадае ён. – Могуць зрабіць палёгку пры рэгістрацыі кандыдатаў, правядзенні вулічнай агітацыі. Гэта, як у тым анекдоце пра салдата ў арміі, які за падцягванне атрымаў выдатна, а за практыкаванні на спартыўных снарадах – два. У выніку сярэдняя ацэнка – чатыры балы. Таму зараз вынікі парламенцкіх выбараў могуць параўнаць з папярэднімі і знайсці нейкі прагрэс. І яшчэ гледзячы што захочуць убачыць пад прагрэсам. Зрэшты, улады, каб атрымаць заходнія грошы, могуць нават у парламент прапусціць некалькі так званых апзіцыйных паслухмяных дэпутатаў. Але тут для ўлады ёсць і пэўная рызыка”.

Што датычыцца санкцый, то Мікалай Статкевіч не верыць, што Захад поўнасцю здыме ўсе санкцыі, бо “ёсць яшчэ людзі, якія абвінавачваюцца ў палітычных забойствах”.

“Але многае будзе залежыць ад геапалітычнага кантэксту, – дадае палітык. – Ад сітуацыі ў рэгіёне, ад дзеянняў Расеі і паводзінаў беларускіх уладаў. З боку апошніх, можа быць, дастаткова будзе нейкіх фіктыўных крокаў да паляпшэння сітуацыі. Зрэшты, шмат будзе залежыць і ад беларускага грамадства, як яно адрэагуе на сітуацыю. Асабіста я сваю пазіцыю выказаў – калі ўлады будуць займацца фальсіфікацыяй выбараў, мы пакідаем за сабой права на мірныя акцыі пратэсту. На жаль, калі я падняў гэтае пытанне на ўстаноўчай сесіі Кангрэса, каб выпрацаваць план супольных дзеянняў, у некаторых калегаў такая прапанова выклікала негатыўную істэрычную рэакцыю. Мабыць, людзям страшна”.

palitviazni.info

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Анатоль Шумчанка