Антон Сурапін: Не вельмі спадзяваўся на станоўчы вынік…

1920504_765987483448362_6426817659878262131_nБеларускі фатограф Антон Сурапін адсудзіў у дзяржавы 8 мільёнаў кампенсацыі за месяц у СІЗА КДБ.

“Мяркую, што лепш было б мець 190 мільёнаў рублёў, якія першапачаткова я і патрабаваў у якасці кампенсацыі, але і 8 мільёнаў добра, – распавёў Антон сайту palitviazni.info. – Гэта, натуральна, у разы меней, але сам факт таго, што рашэнне вынесена на маю карысць, кажа хаця і пра маленькую, але перамогу”.

Нагадаем, што ў 2012 годзе журналіст больш за месяц правёў у следчым ізалятары КДБ па справе аб «шведскіх плюшавых мядзведзіках». Тады Антона Сурапіна звінавацілі ў падрыхтоўцы незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы шведамі, хаця журналіст проста першым размясціў фотаздымкі «плюшавага дэсанту» на сваім сайце. Пра спыненне крымінальнага пераследу Антона Сурапіна КДБ афіцыйна аб’явіў у чэрвені 2012 г. Арышт Сурапіна ўзначаліў дзясятку самых абсурдных арыштаў года ў рэйтынгу Аmnesty International, паведамляе прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Пасля гучнай кампаніі салідарнасці журналістаў Антона Сурапіна вызвалілі пад падпіску, а потым і наогул знялі з яго абвінавачанні. Тады хлопец вырашыў дамагацца кампенсацыі за месяц зняволення.

2 сакавіка 2016 года суд Маскоўскага раёна пастанавіў выплаціць Антону Сурапіну кампенсацыю ў памеры 8 мільёнаў беларускіх рублёў.

– Калі вы вырашылі дамагацца справядлівасці, ці спадзяваліся на станоўчы вынік?

– Шчыра кажучы, не вельмі. Як толькі з мяне знялі абвінавачванне, я пачаў дасылаць запыты ў КДБ, каб у адносінах да мяне вынеслі пастанову аб тым, што маю права на такую кампенсацыю. І да таго часу, пакуль я не пайшоў у армію, Камітэт дзяржаўнай бяспекі даваў нейкія цьмяныя адказы. У выніку – адправіўся “ў боты”, а пастанову так і не ўбачыў. Але, пакуль служыў, зразумеў для сябе, што трэба даводзіць гэтую справу да лагічнага завяршэння. Вярнуўся з арміі, параіўся з юрыстам, і мы вырашылі, што, калі КДБ не хоча выносіць такую пастанову, то можна наўпрост звяртацца ў суд.

– Сума кампенсацыі мела для вас нейкае значэнне?

– Мяркую, што лепш было б мець 190 мільёнаў рублёў, якія першапачаткова я і патрабаваў у якасці кампенсацыі, але і 8 мільёнаў добра. Гэта, натуральна, у разы меней, але сам факт таго, што рашэнне вынесена на маю карысць, кажа хаця і пра маленькую, але перамогу.

– Можа быць, збіраецеся аспрэчваць рашэнне ды дамагацца большай кампенсацыі?

– Не магу гарантаваць, што ў бліжэйшы час буды некуды звяртацца з гэтай нагоды.

– Увогуле, якія сёння ў вас успаміны пра тую справу, знаходжанне ў ізалятары КДБ?

– Шчыра кажучы, не хочацца нават успамінаць. Гэта было даўно, і ўводзіць сябе ў той стан у мяне няма абсалютна ніякага жадання.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні