“Турма ў пэўным плане натхняе на творчасць…”

20140115_golas_voli_t Падчас зняволення многія палітвязні знаходзілі час, каб займацца творчасцю, а пасля выхаду на волю выдавалі кнігі.

Што гэта: творчае натхненне за кратамі? Магчымасць выліць на паперу ўсё тое, што было на душы?

“Знаходжанне за кратамі – гэта шмат уражанняў разнабаковага плану, а негатыўныя ўражанні – гэта таксама ўражанні, – распавядае сайту palitviazni.info былы палітвязень Зміцер Дашкевіч. – Негатыўны досвед – таксама досвед. І асабіста я турбаваўся тым, як найбольш эфектыўна выкарыстаць той час, што мне прысудзіла беларуская так званая судовая сістэма. Негатыўны досвед – таксама досвед”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька напісаў кнігу пра тое, як патрапіў у турму КДБ пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Кніга — своеасаблівы дзённік, дзе апісваецца кожны дзень побыту ў “амерыканцы”. Яна пачынаецца 20 снежня 2010 года і заканчваецца 6 красавіка 2011, калі Лябедзьку выпусцілі.

Некалькі гадоў таму лаўрэатам прэміі літаратурных турэмных твораў імя Францішка Аляхновіча за кнігу “Еду ў Магадан” стаў былы палітзняволены Ігар Аліневіч, якую напісаў за кратамі.

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі за амаль тры гады, якія правёў у зняволенні за сваю праваабарончую дзейнасць, напісаў некалькі соцень старонак розных тэкстаў.

“Мы бачым, як у 90-х гадах 20 стагоддзя гэтая сумная традыцыя знаходжання літаратараў у турме аднавілася, – распавядаў затым Алесь Бяляцкі. – У 1998 годзе за кратамі апынуўся Славамір Адамовіч. І ў наступныя гады таксама шмат хто з грамадскіх, палітычных актывістаў у турме ці працягнуў свае літаратурныя практыкаванні ці пачаў пісаць. Варта ўзгадаць эсэ, якія былі напісаныя Паўлам Севярынцам, апавяданні і аповесць, напісаныя Зміцерам Дашкевічам, дзённікавыя запісы Анатоля Лябедзькі, Юрыя Бандажэўскага, вершы і паэмы Ўладзіміра Някляева, эсэ і вершы Аляксандра Фядуты, успаміны Ігара Аліневіча, Андрэя Саннікава, Ірыны Халіп. Я тут не стаў выключэннем. Апынуўшыся ў беларускай турме і маючы там вялікія абмежаванні для іншай дзейнасці, я выкарыстаў гэты час для пісання”.

– Турма ў пэўным плане натхняе на творчасць, – кажа былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, які выдаў кнігу турэмных апавяданняў “Чарвяк”. – Знаходжанне за кратамі – гэта шмат уражанняў разнабаковага плану, а негатыўныя ўражанні – гэта таксама ўражанні. Негатыўны досвед – таксама досвед. І асабіста я турбаваўся тым, як найбольш эфектыўна выкарыстаць той час, што мне мне прысудзіла беларуская так званая судовая сістэма. Шкада было страчаных проста так гадоў. І, каб хоць нейкая была карысць, я імкнуўся свой турэмны досвед пакласці на паперу.

– Складана было пісаць?

– Натуральна, гэта быў не дамашні працоўны кабінет, калі ты сеў за лямпай і камп’ютарам і пішаш альбо днём, альбо ўначы, калі прыйшло натхненне. У турме – пэўны рэжым, якога заключаныя павінны прытрымлівацца. Акрамя таго, некаторыя апавяданні былі напісаны ў камерах, дзе на трыццаць спальных месцаў знаходзілася пяцьдзесят чалавек. У гэтым плане трэба было вельмі моцна матываваць сябе і канцэнтравацца.

– Ці пішаце вы пасля таго, як выйшлі на волю?

– Некалькі турэмных апавяданняў было, але зараз, на жаль, не пішу, хоць такія мары ёсць. Зараз я вельмі загружаны працай, і на творчасць часу амаль не застаецца.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Мажэйка
  • Мікола Маркевіч
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Алег Гнедчык
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў