Магчыма, ужо ў хуткім часе адбудзецца суд па крымінальнай справе аб патрыятычных графіці. Фігуранты справы – Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Яраслаў Ульяненкаў і Вячаслаў Касінераў.
Максіму Пякарскаму пагражае да 3 месяцаў арышту, Вадзіму Жаромскаму і Вячаславу Касінераву – да 6 гадоў зняволення.
Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў (арыштаваныя былі двое, двух адпусцілі, Вячаслаў апынуўся збіты ў шпіталі) былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох эпізодах крымінальнай справы: нанясенню беларуска-моўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкаванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.
20 жніўня графіцістам прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду.
Неўзабаве (31 жніўня) Пякарскаму і Жаромскаму ўтрыманне пад вартай было замененае на падпіску аб нявыездзе, аднак крымінальную справу супраць іх не закрылі.
26-гадовы Вадзім Жаромскі распавядае сайту palitviazni.info пра сябе і свае захапленні.
– Я нарадзіўся і вырас у Смаргоні, – кажа суразмоўца. – Пасля школы 4 гады навучаўся ў Вільнюсе ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на факультэце Міжнароднага права, але на няпэўны час вырашыў прыпыніць там вучобу. Зараз, дарэчы, атрымліваю адукацыю лясніка ў Беларусі.
– Ці былі ў дзяцінстве ў вас нейкія творчыя памкненні?
– Бацька і маці з дзяцінства вучылі мяне маляваць, але прафесійна гэтаму не навучаўся. Дзядуля, які быў дырэктарам вясковай школы і па сумяшчальніцтву настаўнікам (у тым ліку, і малявання), паказваў, як можна зляпіць посуд з гліны, як рэзаць па дрэве. Мне гэта было цікава.
– Акрамя гэтага многія ў школе захапляюцца спортам…
– У гэтым плане я не выключэнне. Шэсць гадоў займаўся барацьбой, пасля 2 гады аддаў у-шу. Да таго ж, мой бацька ў маладосці шмат гадоў займаўся боксам і каратэ, таму перадаваў свае веды і мне.
– Палітычнай барацьбой не цікавіліся?
– Цікавіўся, натуральна, і ўжо ў 16-гадовым узросце пачаў займацца актывісцкай дзейнасцю. Я стараўся разабрацца ў тым, што адбываецца наўкол, зразумець, чаму такая несправядлівасць. Разумеў, што можна ў меру сваіх магчымасцей гэты свет змяняць у лепшы бок. Я дзейнічаў у моладзевым крыле БНФ, але з маім унутраным светапоглядам гэтая партыя і блізкія ёй структуры не рэзаніравалі. Таму вырашыў, што дзейнічаць неабходна па-за нейкіх арганізацый, платформа якіх, на мой погляд, носіць аўтарытарны характар.
– Наколькі вядома, у арміі вы не служылі…
– Так. Па-першае, я – строгі вегетарыянец (веган), таму ў арміі не змог бы атрымліваць дастатковае і здаровае харчаванне. Не ўжываю ў ежу мяса ўжо каля 5 гадоў. Не разумею, як у нашым грамадстве, якое называе сябе хрысціянскім, не прыйшло ўсведамленне таго, што есці мяса – гэта аб’ектыўнае зло. Людзі ўспрымаюць мяса выключна, як тавар у краме. Але ж за ім стаіць забойства, кроў жывых істот. Смерць пераўтварылася ў звычку. Можна правесці паралелі нават з вайной. Вайна ў эфіры ўсіх тэлеканалаў, ва ўсіх СМІ таксама стала звычкай. Яна стала паўсядзённасцю, а смерць – проста абстракцыяй.
– Аднак вернемся да вашых узаемаадносінаў з ваенкаматам.
– У ваенкамаце, напэўна, палічылі, што з-за “схільнасці да настойлівага выказвання і навязвання ўласнага меркавання” я не адаптуюся да ваеннай службы. Да таго ж, усіх вельмі цікавіла “моцна татуіраванае цела неадназначнымі малюнкамі і надпісамі”, што, на думку вайскоўцаў, выходзіць за межы нармальнасці. На пытанне, што ж неадназначнага ці негатыўнага ў татуіроўцы “Трымай яснасць свядомасці”, мне так ніхто і не адказаў.
– Адным словам, у вас – супрацьстаянне з агрэсіўнай большасцю?
– На жаль, фокус пабудовы сучаснага грамадства заключаецца ў тым, што дзяржава дае права менавіта агрэсіўнай большасці, якая, як мне падаецца, знаходзіцца ў інтылектуальнай агоніі. Тым, каму няма чаго сказаць навакольным людзям. Тым не менш, яны забыліся, што менавіта вуліца з’яўляецца цудоўнай медыйнай пляцоўкай, якая дае магчымасць выказацца тым, у каго голас аднялі. На вуліцы ўсё больш шчыра.
– Увогуле, як вы прыйшлі да графіці? Што гэта для вас: самавыяўленне, творчая рэалізацыя?
– Першае знаёмства з графіці адбылося дзесьці 15 гадоў таму. Мае сябры малявалі і, можна сказаць, жылі гэтым. Тады і я зразумеў для сябе, што графіці – не бессэнсоўны вандалізм, у чым стараюцца пераканаць грамадства. Графіці – гэта адна з формаў мастацтва, якая нясе ў сабе і элемент дзёрзасці, і творчай рэалізацыі.
Мы – толькі рэтранслятары ўласнага меркавання і нашых пачуццяў. Акрамя таго, мастак – гэта ў некім сэнсе лекар. Яго задача – ускрываць раны грамадства. Напрыклад, графіці “Рэвалюцыя свядомасці”, па нашым глыбокім перакананні, нясе цалкам пазітыўны мэсідж. Рэвалюцыя свядомасці – пераацэнка каштоўнасцей, пераадоленне асабістых бар’ераў. У чалавека павінен быць запушчаны працэс самааналізу, якія дазваляе зрабіць нейкія ўнутраныя адкрыцці. Яны дадуць магчымасць больш поўна ўспрымаць жыццё. Тады чалавек зразумее, што ён не проста існуе для таго, каб паесці, схадзіць на працу і, у рэшце рэшт, памерці. Рэвалюцыя свядомасці робіць людзей свабоднымі. Свабода – гэта парадак, адказнасць, поўная самаддача і вышэйшая мэта. Аднак, на жаль, свабоду многія разумеюць у вельмі вузкім сэнсе. Людзі думаюць, што свет круціцца вакол іх, а жыццё на планеце існуе выключна дзеля іх неабходнасцей…
Вось што мы хацелі сказаць, калі малявалі графіці. Але чамусьці ўбачылі не сутнасць, а толькі тое, што пажадалі ўбачыць. А менавіта слова “рэвалюцыя”. Праўда, забыліся, што ў Мінску ёсць і вуліца Рэвалюцыйная, і святы ладзяцца ў гонар рэвалюцыі, якая на самай справе была з рэальнымі ахвярамі, крывёй і насіллем. Праўда, на гэта ўвагу ніхто не звяртае.
– Ці былі іншыя малюнкі ля вашых графіці? Як лічыце, чаму за іх не завялі крымінальныя справы?
– У месцах, дзе мы малявалі, было мноства іншых графіці і надпісаў. Пры гэтым некаторыя ўтрымлівалі табуіраваную лексіку. Пасля таго, як была заведзена крымінальная справа, невядома кім было намалявана шмат непатрэбства. Узнікае пытанне: дык што тады злачынства? Акуратны малюнак, які напоўнены пазітыўнай сэнсавай нагрузкай ці лаянка, якой малюнак быў сапсаваны?
– А навошта кінулі фарбу ў банер з міліцыяй?
– Кінуў таму, што ў мяне сваё стаўленне да людзей у пагонах, якое сфарміравалася не за адзін дзень. Напрыклад, у 2007 годзе мяне збілі міліцыянеры. Я хацеў прыцягнуць іх да адказнасці, але ў пракуратуры мне паведамілі, што два дзесяткі цялесных пашкоджанняў я пакінуў на сабе сам. Так, я не люблю міліцыю, але якое ж тут хуліганства? Банеры былі сапсаваны не таму, што мы нематываныя хуліганы.
– Затрыманне стала нечаканасцю?
– Яшчэ раніцай 11 жніўня я заўважыў за сабой назіранне, але не надаў гэтаму вялікай увагі. Толькі затым даведаўся, што сачылі за намі і праслухоўвалі тэлефоны некалькі месяцаў. А днём сілавікі са зброяй уварваліся ў кватэру і затрымалі нас. У кайданках і з рушніком на галаве я праляжаў на падлозе каля гадзіны, пасля чаго мяне, прыціснуўшы галаву да падлогі, павезлі спачатку ў галоўнае упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, затым у Следчы камітэт, а потым у ізалятар на Акрэсціна. Праз тры дні перавялі ў СІЗА на Валадарскага.
– Час падумаць у вас быў…
– Ведаеце, больш за ўсё ў гэтай справе мяне ўражвае, як з мухі спрабуюць зрабіць слана. На Яраслава Ульяненкава, напрыклад, спрабавалі завесці яшчэ адну справу – быццам бы за махлярства, у выніку якога ён нанёс дзяржаве ўрон на… 400 тысяч рублёў. Мне здаецца, што любы нармальны чалавек разумее, што гэта – абсурд.
– Напрыканцы яшчэ крыху распавядзіце пра сябе. Вы – прыхільнік Straight Edge? Чаму?
– Так, я не ўжываю алкаголь і не палю цыгарэты таксама каля 5 гадоў. Упэўнены, што ўжыванне алкагольных напоеў не з’яўляецца асабістай справай кожнага чалавека. Паглядзіце, колькі злачынстваў адбываецца на гэтай глебе! Таму не павінна быць эгаістычнага “гэта – справа кожнага асабіста”. Калі не будзе раўнадушша, тады стане і менш пакалечаных лёсаў.
Больш за ўсё мяне ўражвае так званы “адпачынак на прыродзе”, калі дарослыя не саромеюцца пры дзецях піць, паліць, пакідаюць пасля сябе гару смецця. Дзеці ж думаюць, што так і патрэбна. Дык, калі вы пра сябе не думаеце, то падумайце пра будучае пакаленне.
– Чым вы зараз займаецеся і якія планы на будучыню?
– На гэты момант увесь сканцэнтраваны на крымінальнай справе, якая доўжыцца амаль паўгода. Спадзяюся, што, у рэшце рэшт, пераможа здаровы сэнс.
palitviazni.info