Што былыя палітвязні думаюць пра акцыю 24 лістапада?

DSCN5286 Акцыя апазіцыі, якая прайшла ў цэнтры Мінска, была не санкцыянавана гарадскімі ўладамі, але, тым не менш, на вуліцу выйшлі каля 200 чалавек.

Кандыдат у прэзідэнты 2010 году Мікалай Статкевіч неаднаразова заяўляў, што не збіраецца прасіць ва ўлад дазволу на правядзенне такіх мерапрыемстваў, паколькі мірныя сходы грамадзян гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі.

Былыя палітвязні распавялі, як яны ацэньваюць прайшоўшае мерапрыемства.

Валерый Шчукін:

– Станоўча ацэньваю. І гаворка тут ідзе не пра колькасць людзей, якія прыйшлі, а пра тое, што апазіцыйныя палітыкі перасталі пытаць дазвол на тое, каб правесці мірны пратэст ці ўшанаваць памяць кагосьці. Бо ўсё роўна для ўлады апазіцыя добрая ніколі не будзе. Вы ж не пытаеце ў скандальнай жонкі, ці трэба вам схадзіць у краму.

Я вітаю і тых, хто выйшаў на вуліцу, бо, нягледзячы на так званую лібералізацыю, людзі, што прыйшлі на акцыю, былі гатовыя да любога развіцця падзей. Калі чалавек ідзе на несанкцыянаванае мерапрыемства, ён сумленна ідзе на магчымыя рэпрэсіі ў дачыненні да яго асобы. Але ж не пабаяліся.

Мікалай Аўтуховіч:

– Што датычыцца такіх акцый, то ў мяне адносіны дваістыя. З аднаго боку яны патрэбныя, каб народ адчуў сябе крыху вольным і не так баяўся. А з іншага – людзям даюць нейкую надзею, што можна нешта змяніць, але давайце казаць праўду – гэта падман. Вулічныя пратэсты ў сёняшніх умовах нічога не зменяць.

Павел Вінаградаў:

– Акцыя прайшла лепш, чым я чакаў. Усё ж-такі думаў, што людзей збярэцца менш. На мой погляд, любая вулічная акцыя на сёняшні дзень – гэта важная заваёва свабоднай прасторы. У Беларусі пратэстны настрой знізіўся практычна да нуля, а ў апошнія месяцы акцыі ладзяцца перыядычна, што, безумоўна, добра. Кажуць, што яны нешматлюдная, але ж раней і гэтага не было.

Дарэчы, падчас такіх мерапрыемстваў цікава назіраць за міліцыянтамі, якія складаюць пратаколы і даюць людзям штрафы, хоць яшчэ зусім не так даўно адпраўлялі на “суткі” нават не за тое, што ты выйшаў на вуліцу з нейкімі патрабаваннямі, а проста так. Як кажуць, прэвентыўна. Быццам бы за “лаянку” ці за “ўжыванне алкаголю”.

Зараз міліцыя абрала тактыку не “пасадак”, а штрафаў за акцыі. Праўда, я не зусім разумею, навошта яны 24 лістапада складалі пратаколы на журналістаў з пасведчаннямі і назіральнікаў. Думаю, ім за гэта начальства яшчэ намыліць шыю, бо ўладзе такія інцыдэнты напярэдадні магчымага атрымання крэдыту ад МВФ вельмі невыгодныя.

На мой погляд, за акцыі саджаць не будуць як мінімум да таго моманту, пакуль Захад не дасць грошай альбо да поўнага зняцця санкцый. А далей развіццё падзей прадсказаць немагчыма.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Эніра Браніцкая
  • Кацярына Садоўская
  • Тацяна Елавая
  • Алесь Бяляцкі
  • Яна Палякова