Павел Марозаў: Па-ранейшаму знаходжуся ў статусе палітычнага ўцякача

0,,16608023_303,00Палітуцякач з Беларусі і адзін з лідараў беларускай дыяспары ў Эстоніі Павел Марозаў распавядае пра сваю крымінальную справу і магчымасць вяртання ў Беларусь.

Павел Марозаў – палітуцякач з Беларусі, якому пагражала да чатырох гадоў турмы па справе сатырычнага інтэрнэт-праекту «Мультклуб». У свой час папрасіў палітычны прытулак у Эстоніі, дзе жыве і працуе да гэтага часу.

– Павел, як у Эстоніі ўспрынялі чарговую “элегантную перамогу” Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах?

– Я б сказаў, што гэта было прадказальна для ўсіх. Калі спартсмен бяжыць дыстанцыю з трыма сапернікамі на хадулях ды яшчэ і крычыць на іх, каб рухаліся не так шпарка, то ўсё вядома зараней. Хоць, трэба шчыра сказаць, беларускія эстонцы ў сваёй большасці сімпатызуюць Лукашэнку. Яны радуюцца, што стабільнасць у Беларусі не парушана, як гэта адбылося ва Украіне.

– Ці цікава Эстоніі тое, што адбываецца ў суседняй краіне?

– Толькі пэўнай частцы насельніцтва. Беларускай дыяспары, бізнесу, які мае свае інтарэсы ў Беларусі, ваенным, якія думаюць пра бяспеку Эстоніі і абарону ад Расіі. І, натуральна, дыпламатам.

– У Беларусі вызвалены палітвязні, у сваю чаргу Захад прыпыніў дзеянне санкцый у адносінах да беларускай улады. Ці зможа Еўропа змяніць рэжым Беларусі?

— На мой погляд, адмена санкцый – гэта вымушаны крок для Еўрасаюза ва ўмовах жорсткага канфлікта з Расіяй. Тым не менш, поўнай легітымізацыі беларускай улады пакуль не адбылося. У такой сітуацыі Лукашэнку з аднаго боку стала прасцей, з іншага – складаней, бо далей трэба рабіць новыя крокі. І не імітацыйныя, а рэальныя. А вось ці гатова да гэтага беларуская ўлада? Мне падаецца, што Захад не зможа змяніць гэты рэжым а, мяркуючы па ўсім, і не збіраецца. Але Беларусь не можа змяніць і Расія. Больш за тое. Беларускі народ таксама рэальна не гатовы актыўна плаціць за перамены да лепшага. Таму ўлада застаецца сам-насам з сабою. Навошта ёй нейкія змены?

Што чуваць з крымінальнай справай аб “Мультклубе, і які ў цябе зараз статус у Эстоніі?

– Крымінальная справа прыпынена і чакае майго прыезду ў Беларусь, каб ізноў распачацца. У Эстоніі я па-ранейшаму – палітуцякач і грамадзянін Беларусі, хоць жонка і дзеці – эстонскія грамадзяне.

– Некаторыя зараз вяртаюцца ў Беларусь з эміграцыі. Той жа Вячаслаў Сіўчык, Алесь Міхалевіч… Можа таксама збіраешся дадому?

– Вярнуцца можна. Улады ўзрадуюцца, затрымаюць, магчыма, нават адпусцяць пад падпіску аб нявыяздзе ды возьмуць пад кантроль. І ў Беларусі, калі і не будуць утрымліваць у турме, то без магчымасці вольна жыць і працаваць. Шчыра скажу, я ў такім развіцці падзей не зацікаўлены. У беларускіх уладаў часу не так шмат, а ў мяне яго хапае, каб пачакаць і зрабіць яшчэ шмат чаго, што лічу ў гэтым жыцці важным і для Беларусі, і для свайго развіцця, і для сваёй сям’і. Думаю, яшчэ настане час, калі я змагу вярнуцца дадому і прынесці карысць краіне і грамадству.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сакрэт
  • Валеры Леванеўскі
  • Зьміцер Хведарук