6 палітвязьняў на волі!

Праваабарончы цэнтр “Вясна” вітае вызваленне палітычных вязняў – Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі і Юрыя Рубцова, і заклікае беларускія ўлады да наступных крокаў, скіраваных на паляпшэнне сітуацыі ў галіне асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў. 

Пра гэта 22 жніўня заявіў намеснік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч.

“Вызвалення палітычных вязняў доўгі час патрабавалі беларуская і міжнародная праваабарончая супольнасць, а таксама краіны Еўразвязу і ЗША. Праваабарончы цэнтр “Вясна” вітае гэты крок беларускіх уладаў. Але, па-першае, не ўсе палітычныя вязні вызваленыя на сённяшні дзень. Не трэба забываць пра тых трох маладых людзей, якія, на нашую думку, былі беспадстаўна затрыманыя і ўтрымліваюцца ў мінскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Іх беспадстаўны пераслед мы прызнаем палітычна матываваным https://spring96.org/be/news/79283 . Па-другое, хацелася б спадзявацца, што вызваленне палітычных вязняў будзе першым крокам да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”, – адзначыў праваабаронца.

Паводле Стэфановіча, рэпрэсіўны механізм, які склаўся ў дзяржаве, рэпрэсіўнае заканадаўства і практыка застаюцца нязменнымі. Як прыклад ён прывёў пераслед журналістаў-фрылансераў, наяўнасць заканадаўчых нормаў, якія наўпрост пярэчаць міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, як крымінальны артыкул 193-1, што прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

“Такая сітуацыя робіць верагодным з’яўленне новых палітвязняў. Таму вельмі важна, каб былі наступныя крокі, скіраваныя на паляпшэнне становішча з асноўнымі грамадзянскімі і палітычнымі правамі – свабодай слова, свабодай атрымання і распаўсюду інфармацыі, свабодай асацыяцыяў, свабодай мірных сходаў, свабодай сумлення і так далей”, – звярнуў увагу Стэфановіч.

ПЦ “Вясна” заклікае ўлады Беларусі да гэтых крокаў, падкрэсліў праваабаронца.
http://spring96.org/be/news/79414

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні