Паўла Севярынца афіцыйна папярэдзілі напярэдадні ЧС па хакеі

Напярэдадні Чэмпіянату сьвету па хакеі былога палітвязьня Паўла Севярынца выклікалі на “прафіляктычную” размову ў Фрундзенскі РУУС. Гутарка адбылася 8 траўня і доўжылася толькі 20 хвілінаў – сёньня ў міліцыянтаў на Паўла не было часу.

Павал прыйшоў на сустрэчу ў РУУС упэўненай хадою, не баючыся, што яго затрымаюць, бо, па-першае, не ўпершыню, а па-другое, сказалася падтрымка жонкі Вольгі, якая прыйшла разам зь ім. Palitviazni.info запыталі палітыка аб зьмесьце гутаркі з супрацоўнікамі міліцыі, а таксама ці была гэта прафіляктычная размова напярэдадні ЧС па хакеі ці звычайная плянавая сустрэча.

Павал Севярынец: Думаю, яны невыпадкова прызначылі дзень сустрэчы напярэдадні 9 траўня. На фоне тых затрыманьняў, якія цяпер ідуць у Беларусі, ¾ гэта адпаведны сыгнал. Але, мяркую, ад самага пачатку адносна мяне мера была выбраная наступная – афіцыйнае папярэджаньне на прафіляктычнай бяседзе. Уладам перад спаборніцтвамі не патрэбная вялікая шуміха на палітычным узроўні.

Palitviazni.info: Павал, ці няма ў вас адчуваньня, што праз падзеі ва Ўкраіне і Чэмпіянат сьвету па хакеі на беларускіх палітвязьняў забыліся?

Павал Севярынец: Тэма палітвязьняў у Беларусі дастаткова актуальная. Яна час ад часу падымаецца, у тым ліку і на афіцыйным узроўні з боку эўрапейцаў, і з боку беларускіх праваабаронцаў і палітыкаў, але сапраўды, Украіна адсунула гэтую тэму на задні плян. Вядома, там людзей забіваюць кожны дзень. І на фоне гэтага блякне і Чэмпіянат сьвету па хакеі. Тым ня менш, мы пра палітвязьняў памятаем, молімся за іх, робім, што можам. Дзякуй Богу, сёньня выйшаў на свабоду Андрэй Гайдукоў.

Да таго ж, я ўпэўнены, што эўрапейская прэса, якая прыедзе ў Беларусь на спаборніцтвы, будзе аб’ектыўнай, будзе асьвятляць усе актуальныя беларускія падзеі, і пра палітвязьняў запытаецца не ў апошнюю чаргу. Напрыклад, у мяне ўжо былі сустрэчы з замежнымі журналістамі, і пытаньні, якія яны задавалі, у меншай ступені датычыліся чэмпіянату, у большай – становішча Беларусі.

Зрухі ў пытаньні палітвязьняў адбудуцца, яны ўжо адбываюцца. Вось, напрыклад, кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла, цяпер чакае ў тэрмінале аэрапорту, яго не пускаюць у Беларусь; хапаюць маладафронтаўцаў і садзяць за краты, як кажуць, без суда і сьледзтва, толькі таму, што яны могуць зрабіць акцыі падтрымкі. Рэжым баіцца, і небеспадстаўна баіцца акцый салідарнасьці, як з боку эўрапейцаў, так і з боку беларусаў.

Нагадаем, што ў Беларусі працягваюцца прэвэнтатыўныя затрыманьні і арышты грамадзянаў. Па стане на 14.00 8 траўня затрыманыя і асуджаныя 22 актывісты, таксама супрацоўнікі міліцыі шукаюць Зьмітра Карашкова, Марыну Хоміч, Антона Жылко, Артура Фінькевіча і Зьмітра Кавалгіна.

Palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Кабанчук
  • Міхаіл Пашкевіч
  • Яўген Сакрэт
  • Аляксей Шыдлоўскі