Іна Кулей: Людзі павінны ведаць, што не застануцца сам насам са сваёй бядою

За апошнія 20 гадоў сотні чалавек былі рэпрэсаваныя ў нашай краіне за свае палітычныя погляды. Практычна ўвесь час за кратамі знаходзяцца вязьні сумленьня. Тым ня меньш, існуюць і арганізацыі, якія імкнуцца дапамагчы тым, каго перасьледуюць. У Менску каторы год працуе Камітэт дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць». На пытаньні palitviazni.info адказвае старшыня Камітэту Іна Кулей.

 Іна Кулей: Калі мы кажам, палітвязень – то гэта тыя асобы, якія зьняволеныя паводле надуманай палітычнай прыкмеце. Гэта тыя, хто прайшоў праз суд і быў пазбаўлены волі. Але вось рэпрэсіі – то яны вельмі шматбаковыя і шматгранныя ў нашай краіне. Гэта і звальненьне з працы, адлічэньні з вучобы ў ВНУ, гэта прымусовыя накіраваньні ў войска маладзёнаў, якія не могуць служыць або паводле стану здароўя, або па прычыне навучаньня ў ВНУ. Гэта ціскі на сям’ю, гэта можа нават быць і прымусовае лячэньне, з чым наша грамадства сутыкнулася нядаўна ізноў. Досыць шырока сёньня ўлада прымяняе розныя віды рэпрэсіяў супраць грамадзянаў.

– Ваш Камітэт „Салідарнасьць” аказвае падтрымку ўсім рэпрэсаваным? Якім чынам і пры якіх ўмовах чалавек можа разьлічваць на дапамогу?

Іна Кулей: Так людзям, якія трапілі пад рэпрэсіі і іх сем’ям. Але самае галоўнае – гэта неабходна мець нейкае дакументальнае пацьверджаньне, перадусім размова ідзе пра нейкія даведкі з дзяржаўных ўстановаў, але таксама і зьвесткі з медыяў таксама. Каб мы ведалі, што справа не на словах мела месца, але сапраўды адбывалася. І тады чалавек можа зьвярнуцца да нас за падтрымкай і мэдычнай, і псыхалягічнай, салідарную, матэрыяльную таксама, калі адгукнуцца іншыя неабыякавыя. Таксама падтырмка ў выглядзе дапамогі ў пошуку новай працы, дапамога ў заканчэньні курсаў, або стварэньні ўласнай справы, калі чалавеку немагчыма ўладкавацца на працу пасьля ціску. Гэта таксама дапамога ў заканчэньні ўніверсытэту, калі чалавека адлічылі з ВНУ. Таму дапамога можа аказаная ў самым розным выглядзе. Трэба толькі зьвярнуцца да нас альбо праз тэлефон 280-88-63, альбо праз нашу старонку ў інтэрнэце.

– Зыходзячы з досьведу, можам казаць, што пад перасьлед, пад рэпрэсіі можа патрапіць практычна кожны чалавек. Але нават нягледзячы на гэта, няма дастатковай салідарнасьці ў грамадстве, якое стварыла б можа нават рух, супраць якога рэпрэсіі ўжываць стала б небясьпечна для самога рэжым. Чаму гэтага няма, на Вашу думку?

Іна Кулей: Я б адзначыла, што цяпер мы назіраем рост салідарнасьці ў параўнаньні з тым, як было напачатку яшчэ 2000 гадоў. Ўжо з 2010 году людзі адгукаюцца на чужую бяду досыць хутка. Гэта яскрава бачна, калі выйсьці з такою справай ў інтэрнэт, то шмат хто адгукнецца. І для беларусаў гэта сапраўды, новая зьява, вельмі прыемная зьява. Але ў большасьці ў нашай краіне пануе страх. Таму нашая галоўная місія – разбурэньне гэтага страху. Бо людзі баяцца, што страцяць працу, што не будзе як карміць сям’ю. Вялікі страх і таго, што рэпрэсіі могуць быць ужытыя таксама і ў дачыненьні да дзяцей. Таму вельмі важна дапамога. Людзі павінны ведаць, што не застануцца сам насам са сваёй бядою. Таму праз выхаваньне, праз пачуцьцё салідарнасьці ў кожным з нас, праз тое, каб мы самыя ніколі не праходзілі абыякава міма бяды, крок за крокам сытуацыя павінна зьмяніцца ў краіне.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні