Беларускія ўлады не збіраюцца вызваляць палітвязняў

Такую інфармацыю атрымалі прадстаўнікі палітычных партый ад шведска-польскай дэлегацыі дыпламатаў, якая знаходзіцца з візітам у Менску.

Дэлегацыя наведвае Беларусь напярэдадні віленскага саміту «Усходняга партнёрства», які адбудзецца ў лістападзе. На сустрэчы прысутнічаў лідар АГП Анатоль Лябедзька, перадае «Радыё Свабода».

«Гэта была шведска-польская размова аб «Усходнім партнёрстве». 11 чалавек з беларускага боку прысутнічалі – гэта прадстаўнікі палітычных структур, грамадскіх арганізацый, эксперты.

Па-першае, нам далі інфармацыю аб папярэдніх сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады. Гэта намеснік міністра замежных спраў Купчына і прадстаўнік адміністрацыі Лукашэнкі нехта Брылёў, калі я не памыляюся.

Што можна як цікавае адзначыць. Там далі зразумець, што пытанне палітычных зняволеных можа вырашацца праз формулу: ручка – папера – прашэнне аб памілаванні. Для ўлады гэта аптымальны шлях, які яны маглі б практычна рэалізаваць. Ці спадабаецца ён тым, хто за кратамі, не ўпэўнены.

Што тычыцца «Усходняга партнёрства», то відавочна, што ў гэтым праекце мы аўтсайдэры, не лідары. Гульня ідзе, футбольная пляцоўка занятая, а мы на лаўцы запасных. Але трэба зразумець: калі мы выйдзем на гэтае поле, што мы будзем там рабіць? Пра віленскі саміт можна толькі сказаць, што мы будзем радавацца за іншых. Я сёння на сустрэчы сказаў: «Слава Украіне!» Вось яны як раз робяць нейкія практычныя крокі. Там ёсць драйв. Там гэта абмяркоўваюць, грамадства гэтым жыве.

Намаганні трэба прыкладаць, каб гэтыя праграмы – «Усходняе партнёрства», «Дыялог па мадэрнізацыі» – працавалі на сярэднестатыстычнага грамадзяніна РБ. Калі мы не можам перасекчы мяжу з ЕЗ без праблем, калі гэта не камфортна, то мы губляем прыхільнікаў гэтай ідэі і гэтага стратэгічнага кірунку», – адзначыў Лябедзька.

Вядома, што ў ходзе візіту Беларусь наведваюць амбасадар «Усходняга партнёрства» МЗС Марцін Хагстрэм і генеральны дырэктар палітычнага дэпартамента МЗС Турб’ёрн Сульстрэм. Польскі бок будуць прадстаўляць палітычны дырэктар міністэрства Яраслаў Браткевіч, упаўнаважаная міністра замежных спраў па справах Усходняга партнёрства Беата Пенкса і намеснік дырэктара Усходняга дэпартамента МЗС Конрад Паўлік.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні