Пётр Касціньскі: Катэгорыя “палітычны вязень” у сучасным сьвеце не павінна існаваць

Палітыкі краін Эўразьвязу дэкларуюць, што сытуацыя з правамі чалавека, зь вязьнямі сумленьня ў Беларусі пільна адсочваецца. Менавіта гэтыя асьпекты зьяўляюцца прадметам крытыкі дзеяньняў афіцыйнага Менску. У сваю чаргу з пазыцыяй праваабаронцаў, апазыцыі Захад сапраўды салідарны, выказвае меркаваньне Пётр Касціньскі, экспэрт Польскага Інстытуту міжнародных справаў.

Пётр Касціньскі: На старонцы міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Libereko” дакладна ўказана, што сем асобаў ў Беларусі, якія прызнаныя вязьнямі сумленьня, знаходзяцца за кратамі за абарону правоў чалавека, гэта прадстаўнікі апазыцыі, праваабаронцы, а таксама ў сьпісе яшчэ пяць асобаў асуджаных за анархічны рух. Зразумела, што ўлады краіны адмаўляюцца ад існаваньня палітычных вязьняў, характарызуючы іх як крыміналькаў. З свайго боку апазыцыя абвяргае гэту інфармацыю, сьцьвярджаючы адваротнае. Але наяўнасьць палітычных вязьняў сур’ёзна непакоіць суседнія дэмакратынчыя краіны. Увогуле пра сытуацыяю з правамі чалавека ў Беларусі цяпер нельга казаць, што яна палепшылася, альбо пагоршылася. Насамрэч сытуацыя досыць доўгі час складаная. Дакладна нельга сказаць, што ўсё добра.

– Але ці досыць інфармаваныя Заходнія палітыкі пра сытуацыю з правамі чалавека і з палітычнымі вязьнямі ў Беларусі? Якія захады Эўразьвяз можа прадпрыняць для выказваньня салідарнасьці і хутчэйшага вызваленьня асуджаных за палітычныя погляды?

Пётр Касціньскі: Як раз Эўразьвяз ўжо зрабіў досыць шмат крокаў. Перадусім гэта ўвядзеньне санкцый, сярод якіх і візавыя і эканамічныя абмежаваньні ў адносінах да беларускіх чыноўнікаў, некаторых прадпрымальнікаў. І нават нягледзячы на гэта, Эўразьвяз досыць выразна дае сыгнал, што Брусэль гатовы да вядзеньня дыялёгу з афіцыйным Менскам. Праўда, базавым прынцыпам пачатку дыялёгу зьўляецца патрабаваньне вызваленьня палітычных вязьняў. І гэты сыгнал не можа быць незаўважаным, альбо незразумелым для ўладаў краіны. Тым больш, што перад самітам Усходняга партнэрства, які адбудзецца ў лістападзе ў Вільні, гэтыя сыгналы яшчэ больш яскравыя. Эўразьвяз сапраўды жадае дыялёгу, але ён немагчымы ў больш шырокім фармаце, пакуль за кратамі ў краіне вязьні сумленьня.

– Можам дапусьціць, што ўлады Беларусі чуюць гэтыя сыгналы, але ці будуць яны пачутыя сапраўды?

Пётр Касціньскі: Гэтае пытаньне перадусім да ўладаў Беларусі. Дваякасьць жа афіцыйнага Менску ў тым, што на словах часта агучваецца жаданьне сесьці за стол перамоваў. Часам высылаюцца такія сыгналы. Але досыць складана зразумець, наколькі гэтыя памкненьні адпавядаюць рэчаіснасьці, ці готовыя ўлады краіны вызваліць палітвязьняў, каб распачаць дыялёг. Праўда, тут агаваруся, патрабаваньні Эўразьвязу вызваліць палітвязьняў не азначае, што гэта патрэбна, каб толькі распачаць дыялёг. Як раз не гэта зьяўляецца галоўнай мэтай. Размова ідзе пра базавы прынцып, увогуле проста недапушчальная наяўнасьць вязьняў толькі за свае палітычныя погляды. І тут не істотна, пра якую краіну вядзем размову, пра палітычны строй краінаў. Увогуле катэгорыя “палітычны вязень” у сучасным сьвеце, тым больш ў Эўропе, не павінна наагул існаваць.

– Магчыма Менск і Брусэль не могуць знайсьці паразуменьня ў тым, што сапраўды, па-рознаму ўспрымаюць і рэчаіснасьць і высланыя сыгналы адзін да аднаго? Калі для Захаду – гэта прынцыповая пазацыя, то для ўладаў Беларусі нейкая палітычная гульня?

Пётр Касціньскі: Тут нагадаю, што ў краінах былога сацлягеру знаёмства з дэмакратыяй збольшага пачалося толькі пасьля развалу Савецкага Саюзу. Таму і функцыянаваньне ў дэмакратычнай краіне, ці больш-меньш дэмакратычнай мае досыць кароткую гісторыю, таму досьвед зусім невялікі. Але ўсяму гэтаму трэба вучыцца, чаму так, а не інакш, як выконваць закон, правы чалавека, правы грамадзян, як даваць шанцы і магчымасьці апазыцыі для працы, але гэта толькі адзін бок. Другі бок заключаецца ў наступным: кожная краіна – незалежная, яна самастойна павінна рэгуляваць свае законы. Таму ўмяшальніцтва ў справы краіны збоку іншай дзяржавы – нядобрая справа. Але калі кажу нядобрая – гэта не значыць, што не варта. Часам існуе неабходнасьць сказаць іншай краіне, што такія крокі – кепскія. Але ўсё роўна гэта іншая краіна, таму можна толькі сказаць, ці падказаць. З іншага боку можна ўвесьці санкцыі, спыніць гандаль, заблакаваць мяжу. Але нельга ўмяшацца і замест саміх грамадзян краіны звонку ўсталяваць дэмакратыю, таму магчымасьць ўплыву на іншых досыць сьціплая. Справа з дэмакратыяй, са свабодай слова, а таксама з вызваленьнем палітычных вязьняў павінна вырашацца перадусім грамадзянамі гэтай, а не іншай краіны.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікалай Аўтуховіч
  • Вячаслаў Сіўчык
  • Андрэй Пачобут
  • Міхаіл Чыгір
  • Тацяна Цішкевіч