Адвакат Андрэя Гайдукова абскардзіў прысуд

Яшчэ адну скаргу на свой прысуд плануе падаць у бліжэйшыя дні сам Гайдукоў.

Як паведаміў belapan.com адвакат Вадзім Мушынскі, ён абскардзіў прысуд, вынесены падабароннаму Андрэю Гайдукову. 9 ліпеня праз Віцебскі абласны суд ён падаў касацыйную скаргу, якая будзе накіраваная ў Вярхоўны суд Беларусі.

Нагадаем, 1 ліпеня Віцебскі абласны суд прызнаў Гайдукова вінаватым у замаху на здзяйсненне злачынства без прыкмет здрады дзяржаве і прысудзіў да аднаго з паловай году пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Аператар наваполацкага НПЗ «Нафтан», лідар незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў» Андрэй Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада 2012 года. Па версіі следства – «у момант закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы».

Першапачаткова ён абвінавачваўся па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 7 да 15 гадоў. «Я абвінавачваюся ў тым, што мог пагражаць нацыянальнай бяспецы, што характарызуецца як замах на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, навязванне Рэспубліцы Беларусь курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам, – паведаміў Гайдукоў ў лісце Тацяне Севярынец. – Характар магчымай шкоды можа выяўляцца ў дэстабілізацыі сацыяльна -палітычнай сітуацыі, у тым, што шукаў фінансаванне для сваёй дзейнасці ў фондзе амбасады ЗША (ЦРУ ЗША па версіі КДБ)».

Суд над моладзевым актывістам праходзіў з 12 чэрвеня ў закрытым рэжыме, нягледзячы на просьбы праваабаронцаў зрабіць працэс адкрытым.

19 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што Гайдукову можа быць перакваліфікаване абвінавачанне. «Не факт, што Гайдукоў пойдзе па 356-м артыкуле», – сказаў ён журналістам.

28 чэрвені генеральны пракурор Аляксандр Канюк паведаміў, што Гайдукову перакваліфікаванае абвінавачванне. На які артыкул, ён гаварыць адмовіўся, але дадаў, што дзяржабвінаваўца запытаў у суда ў якасці пакарання для падсуднага два гады пазбаўлення волі.

1 ліпеня Віцебскі абласны суд пад старшынствам Галіны Урбановіч прызнаў Андрэя Гайдукова вінаватым па частцы 1 артыкула 14 і артыкуле 356 заўв. Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (замах на ўстанаўленне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або выведвальным органам замежнай дзяржавы) і прысудзіў да аднаго з паловай году пазбаўлення волі.

У той жа дзень Беларускі Хельсінкскі камітэт і закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна» выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі Андрэя Гайдукова палітвязнем. На іх думку, падставай для крымінальнага пераследу Гайдукова стала яго актыўная грамадская дзейнасць.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Кудзінаў
  • Зьміцер Паліенка
  • Алесь Круткін
  • Алесь Стральцоў
  • Аляксандар Арастовіч