Стартавала кампанія салідарнасьці “Тыдзень палітвязьня”

Ад 17 чэрвеня Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць” распачынае інфармацыйную кампанію салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі “Тыдзень палітвязьня”.
Як паведаміла пад час прэсавай канферэнцыі старшыня камітэту Іна Кулей, “людзі, якія за свае перакананні патрапілі за краты, патрабуюць нашай штодзённай увагі і падтрымкі.  Гэта такі марафон для таго, каб расказаць пра кожнага палітзьняволенага вельмі падрабязна, каб знайсьці тую струнку, тую нотку, якая будзе цікавая кожнаму чалавеку, які можа прачытаць на сайтах, у газетах, альбо пачуць, спрычыніцца да лёсу палітзьняволенага і адчуць патрэбу напісаць яму словы падтрымкі. Таму кожны тыдзень будзе прысьвечаны аднаму з палітзьняволеных, а пачнецца марафон з кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які адбывае пакаранне у Магілёўскай турме”.
Адмыслова да кампаніі створаныя паштоўкі з надпісамі “Вольнаму – воля”, якія будуць дасылацца ў месцы зьняволення 11-ці палітвязняў. Таксама плануецца правядзенне акцый, сустрэч ды іншых мерапрыемстваў. Штопятніцу будзе ладзіцца нефармальная вечарына са сваякамі зьняволеных.
Цягам кожнага тыдня  на сайце  http://www.salidarnasc.org/ будзе з’яўляцца інфармацыя пра канкрэтнага палітычнага зьняволенага пад агульнай рубрыкай: “Пяць нагодаў, каб больш даведацца пра палітвязня”: важныя моманты  з жыцця, біяграфія, сьведчанні паплечнікаў, словы падтрымкі ад беларускіх і замежных грамадскіх дзеячоў, і галоўнае, нагадванне пра патрэбу ў ліставанні са зьняволенымі.
На прэс-канферэнцыі выступіла жонка палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, якая распавяла пра апошняе тэлефанаванне мужа, падзялілася ягонымі меркаваннямі аб апошніх падзеях у грамадстве. Яна падкрэсліла, што салідарнасьць яму вельмі патрэбная, хоць Мікалай Статкевіч і вельмі мужны чалавек: у 2012-м увогуле быў пэрыяд, калі ні ад яго ніводзін ліст не даходзіў, ні яму не перадавалі лістоў. Ён вытрымаў гэтую сытуацыю, але ўсё роўна такія акцыі вельмі патрэбныя і яму, і ўсім іншым палітвязьням”.
Кампанію салідарнасьці “Тыдзень палітвязьня” мяркуецца завяршыць напярэдадні сканчэння тэрміну зьняволення палітвязьня Зьміцера Дашкевіча напрыканцы гэтага лета.

spring96.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікалай Аўтуховіч
  • Андрэй Пачобут
  • Валеры Леванеўскі