Марына Адамовіч: Еўрапейцы ўжо заблыталіся ў тым, каго з беларусаў слухаць

Жонка Міколы Статкевіча лічыць, што Лукашэнка зноў абыграў усіх сваіх апанентаў, што беларусы здольныя самаарганізоўвацца без удзелу палітычных лідараў.

“Не хацела б каментаваць заявы, зробленыя ў Брусэлі”, — адразу чую ад Марыны Адамовіч. Мы размаўляем з ёй пра тое, кім цяпер, больш чым праз два гады пасля Плошчы, насамрэч з’яўляюцца палітзняволеныя. Таварам для гандлю, альбо закладнікамі патавай сітуацыі.

Еўрарадыё: Спадарыня Марына, пасля Плошчы ўжо мінула больш за два гады. Частку палітвязняў за гэты час вызвалілі, іншыя застаюцца за кратамі. Што яшчэ змянілася за гэты час акрамя колькасці палітзняволеных?

Марына Адамовіч: Яшчэ ў канцы траўня 2012 года я прымала віншаванні з тым, што Мікола хутка будзе на волі. Таму я не веру сігналам, не веру абяцанкам. Толькі справам і абмяркоўваць магу толькі справы. Нягледзячы на гульні рэжыму з Захадам, на сігналы аб магчымых зменах, мне падаецца, што Лукашэнка зноў здолеў выйграць час. Сігналы гэтыя ідуць ужо больш за год. І еўрапейцы прыкметна знізілі інтэнсіўнасць сваіх патрабаванняў у чаканні пераменаў. І не толькі яны — беларускае грамадства таксама…

Еўрарадыё: Якой вы бачыце рэакцыю на сігналы афіцыйнага Мінска? Яна ёсць?

Марына Адамовіч: Я бачу, што Еўрасаюз ускладае надзеі на нейкія намёкі і завярэнні беларускіх уладаў. За апошнія паўтара года санкцыі ЕС не былі пашыраныя. І гэта нягледзячы на тое, што пяцёра палітвязняў трапілі ў турму. Пяцёра з адзінаццаці. Гэты факт можа ацвярэзіць любога рамантыка.

Еўрарадыё: Вы часта бываеце за мяжой. Сустракаецеся з важнымі палітыкамі. Гэта дае нейкі плён? Вам удаецца сказаць тое, што хацелася б?

Марына Адамовіч: На жаль, у большасці выпадкаў, гэта сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці заходніх краін, а не з тымі людзьмі, якія насамрэч уплываюць на палітыку адносінаў з Беларуссю. Ведаеце, я мушу канстатаваць, што колькасць няўзгодненых пасылаў ад беларускіх арганізацый і палітыкаў настолькі вялікая, што бедныя еўрапейцы ў іх проста заблыталіся. Беларусы не змаглі дамовіцца аб агульнай пазіцыі хаця б па адным пытанні… Гэта не мы, не я, змусілі Еўропу рашуча адрэагаваць на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Гэта была іх рэакцыя. А цяпер я думаю, ЕС насамрэч разгубіўся — каго слухаць, на каго глядзець. Я ўдзячная за тое, што Захад мае больш-менш вызначаную пазіцыю нават нягледзячы на тое, што яе не маюць беларусы.

Еўрарадыё: Чаму розныя беларускія сілы не маюць адзінай пазіцыі па пытанні палітзняволеных? Гэта сведчыць аб перавазе ўласных амбіцый над праблемай, альбо немагчымасць дамовіцца — наша нацыянальная рыса?

Марына Адамовіч: Я ўжо даўно перастала задаваць сабе гэтае пытанне. Успрымаю як дадзенасць, як факт. Думаю, што тут ўсе складнікі маюць месца быць. А галоўнае — адсутнасць волі да перамогі, адсутнасць праграмы, па якой дэмакратычныя дзеячы збіраюцца перамагаць. Ніхто не ведае сёння, што будуць рабіць дэмакратычныя сілы далей.

Еўрардыё: Як вы думаеце, ці існуе праблема беларускіх палітвязняў у свядомасці шараговых грамадзян краіны? Людзі пра іх ведаюць?

Марына Адамовіч: Беларусы здольныя самаарганізоўвацца без удзелу палітычных лідараў. Ніколі не забуду тую хвалю салідарнасці, якая была пасля падзей Плошчы. Калі ля управы БНФ стаялі чэргі з жадаючых дапамагчы арыштаваным і іх родным. Не забуду рэакцыі мінчан на тэракт 11 красавіка. Яна карэнным чынам адрозніваецца ад таго, як паводзілі сябе масквічы пасля тэрактаў у тым жа Дамадзедава.

Людзі падтрымлівалі палітвязняў летам 2011 года, калі выходзілі на вуліцы і плошчы гарадоў падчас акцый “маўклівага пратэсту”… Таму я пра беларускае грамадства ўсё ж лепшай думкі прытрымліваюся, гэта падтрымлівае падчас такога агульнага дэпрэсіўнага стану… Інфармацыі мала пра палітвязняў. Такой, якую было б складана ігнараваць, прапусціць. Таму людзі часам здзіўляюцца даведаўшыся, што, аказваецца, яшчэ не ўсіх выпусцілі пасля Плошчы. Трэба таксама гаварыць, што пакуль у краіне будуць палітзняволеныя, адносіны з ЕС значна не палепшацца, эканамічнай дапамогі не будзе.

Еўрарадыё: Але акрамя ЕС яшчэ ёсць Масква. Якая падтрымлівае афіцыйны Мінск незалежна ад наяўнасці альбо адсутнасці палітзняволеных.

Марына Адамовіч: Так, гэта наўпрост уплывае. Гэта адзіная магутная падпорка існуючай сітуацыі. Нягледзячы на, я б сказала, часовыя “сямейныя” разборкі паміж Мінскам і Масквой. І, на вялікі жаль, нашы дэмакратычныя сілы амаль не працуюць ва ўсходнім накірунку. Усе петыцыі, “дамы”, інфармацыйныя цэнтры — яны накіраваныя на Захад і адкрываюцца на Захадзе.

Еўрарадыё: Вы мяркуеце, што праваабаронцы і палітыкі могуць плённа працаваць ва ўсходнім кірунку? Гэта ўвогуле магчыма?

Марына Адамовіч: Не толькі магчыма, але і неабходна. Нягледзячы на тое, што сітуацыя там імкліва набліжаецца да нашай. У Расіі жыве вельмі шмат беларусаў. Каля мільёна чалавек. І гэта як працоўная эміграцыя апошніх гадоў, так і ўплывовыя людзі. Іх нельга ігнараваць. Я разумею, што з імі значна цяжэй працаваць, чым на пляцоўках у інтэрнэце, альбо ў Варшаве. Але гэта трэба рабіць.

Еўрарадыё: Наколькі змянілася ваша жыццё за апошнія два гады? Па сваёй волі, альбо супраць яе — але вы сталі медыйнай асобай.

Марына Адамовіч: Я была публічнай і раней, але ў сваёй галіне. Удзельнічала ў дэмакратычным руху. Была адной з заснавальнікаў “Беларускага кнігазбору”, працавала і ў “Вясне” на самым пачатку яе стварэння. Мне хапала гэтага, і не я не думала пра грамадскую публічнасць. На пачатку спрабавала яе пазбегнуць, але з часам зразумела, што не атрымаецца. Што трэба ездзіць, гаварыць, што калі не я, то гэтага ніхто не будзе рабіць.

Еўрарадыё: Як шмат вашага часу гэта забірае? Можна ўвогуле сказаць, што нейкі час вы займаецеся праблемай палітвязняў, праблемамі Міколы, а нейкі маеце для сябе?

Марына Адамовіч: Мы з дзяўчатамі, калі сустракаемся іншы раз, размаўляем, то здзіўляемся — як так, што я занятая цэлы дзень, вечар, нават ноч часам… Думаеш, што я зрабіла? Але ад гэтага немагчыма адключыцца. Усе думкі, усе дзеянні у адным кірунку скіраваныя. Яшчэ пасля Плошчы мы, родныя палітвязняў, аб’ядналіся. Падтрымлівалі адна адну… Палітвязняў становіцца менш, але ўлады пачынаюць пераследаваць іншых людзей. Тут не расслабішся.

Еўрарадыё: Раней ці пазней, але палітзняволеныя выйдуць на свабоду. У тым ліку, і Мікола Статкевіч. Чым будзеце займацца, калі палітвязняў у краіне не стане?

Марына Адамовіч: Калі думаю аб гэтым, то ўзгадваю характарыстыку, дадзеную Міколу адміністрацыяй Шклоўскай калоніі. Там гаварылася, што ён “на шлях выпраўлення не стаў” і што, “пасля вызвалення мае намер весці злачынны лад жыцця”. Не ведаю, калі выйдзе ён, калі выйдуць іншыя хлопцы…

Нашы мары хай застануцца пры нас. Яны чыстыя, светлыя. Мы з Міколам ніколі не развітваліся больш, чым на два-тры дні і верым, што хутка будзем разам.

euroradio.fm

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сувораў
  • Наста Дашкевіч
  • Сяргей Гумінскі
  • Васіль Парфянкоў