Газета “Новы час” ужо год не даходзіць да Статкевіча

Рэдакцыя змагаецца за правы палітвязня атрымліваць незалежнае выданне.Ужо на працягу года газета, на якую рэдакцыя падпісала палітвязня, не трапляе да адрасата – адміністрацыя папраўчых устаноў спасылаецца на адсутнасць выдання ў каталогу «Белпошты», паведамляе прэс-служба БАЖ.

У лістападзе галоўны рэдактар газеты Аляксей Кароль звяртаўся з афіцыйнай скаргай на гэты конт у Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС, Упраўленне ДВП па Магілёўскай вобласці, пракуратуру Магілёўскай вобласці і магілёўскую турму № 4, дзе ўтрымліваюць Мікалая Статкевіча.

Рэдактар сказаў, што «Новы час» – афіцыйна зарэгістраванае выданне, і што «ні Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, ні правілы ўнутранага распарадку не ўтрымліваюць абмежаванняў на атрыманне выданняў, аформленых выключна па каталогу «Белпошты». Акрамя таго, пералік забароненых для атрымання і распаўсюджвання ў месцах зняволення выданняў (арт. 89 ч.2 Крымінальна-выканаўчага кодэкса) уключае ў сябе толькі газеты, «якія прапагандуюць вайну, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, гвалт і жорсткасць, выданні парнаграфічнага характару », – падкрэсліваў Кароль.

Па сутнасці адпісаліся рэдакцыі толькі з магілёўскай турмы і з Упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў (УДВП) па Магілёўскай вобласці. (Магілёўская пракуратура і МУС перанакіравалі скаргу ў той жа УДВП).

Начальнік турмы № 4 Дмітраў адказаў, што Статкевіч «падпісваецца на друкаваныя СМІ, якія атрымлівае ў поўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны». А «па пытанні афармлення падпіскі на газету «Новы час» да адміністрацыі турмы не звяртаўся». Дастаўка ж «можа быць арганізавана ў выпадку афармлення падпіскі ў адпаведнасці з патрабаваннямі часткі 1 арт. 89 КПК РБ і пункта 275 правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў \».

Начальнік УДВП па Магілёўскай вобласці Скамарох 7 снежня адказаў, што «індывідуальная падпіска асуджаных на перыядычныя выданні арганізуецца праз адміністрацыю ўстановы», а Статкевіч з просьбамі наконт «Новага часу» да адміністрацыі турмы № 4 не звяртаўся.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Сяргееў
  • Алег Гнедчык
  • Андрэй Абозаў
  • Сяргей Вазьняк