Зьміцер Касьпяровіч: “Нас сустракалі суткамі карцэру, дзе нават не было куды ўпасьці”

Інтэрв’ю з палітвязьнем Зьміцерам Касьпяровічам.

— Зьміцер, у 2006 годзе вы ажыццявілі мару многіх беларусаў пра тое, каб на афіцыйных будынках разьвяваліся нацыянальныя сьцягі. Як наважыліся вывесіць сьцяг на Менгарвыканкаме?

— Гэта быў у мяне не першы выпадак вывешвання сьцяга і другое маё затрыманне пры гэтым. Першы раз так здарылася яшчэ ў 99-м годзе, калі мы з сябрам павесілі сьцяг на былой “глушылцы”, цяпер вежы “БелСела”. Тады майго сябра пасадзілі на 15 сутак, а я быў непаўналетні, таму мяне ноч пратрымалі і адпусьцілі.

На Менгарвыканкаме насамрэч я вывешваў сьцяг і раней. Першы раз адбыўся ўдала – мяне не затрымалі. Зараз пра гэта ўжо можна гаварыць, таму што сышоў тэрмін даўніны з таго часу. На жаль, другі выпадак атрымаўся няўдалы. Уся бяда ў тым, што сьцяг дзяржаўны вельмі доўга не хацеў зрывацца, быў згублены час.

Чаму я пайшоў на гэта менавіта ў той час? Гэта быў перыяд перад прэзідэнцкімі выбарамі, тады ўжо пачалася з боку ўладаў палітыка запалохвання насельніцтва. Былі заявы Лукашэнкі пра тое, што ён кантралюе ўсё і ўся ў Беларусі, што выбары пройдуць як па маслу, што ніхто тут і пікнуць не пасьмее. Гэта была спроба адказу на ягоныя словы. Роўна праз два дні пасьля заяваў я зьдзейсьніў спробу вывешвання сьцягу. На жаль, яна атрымалася няўдалай… Тым ня менш, я не шкадую пра тое, што зрабіў, і нават не шкадую пра той тэрмін, які адседзеў.

— Вы пабывалі спачатку ў ізалятары часовага ўтрымання, потым на Валадарцы, потым ужо ў Жодзіна… Як яны розьніліся?

— Першыя тры дні ў ізалятары часовага ўтрымання усе мне казалі, што пайду пад падпіску пра нявыезд, але… Спачатку мне інкрымінавалі зьнявагу дзяржаўнага сьцяга. Па гэтым артыкуле максімальнае пакаранне — да 2 гадоў пазбаўлення волі. А ўсе артыкулы з такім максімальным тэрмінам аўтаматычна падпадалі пад падпіску пра нявыезд.  Тады памянялі артыкул на хуліганства, другую частку. Там было ўжо да пяці гадоў. Мае сябры Зьміцер Гаўрусік і Павал Батуеў  потым пайшлі як сьведкі, і мне зьмякчылі артыкул – замянілі на першую частку хуліганства. Але ўсё роўна пасьля Новага году ўступіў у сілу новы Крымінальны кодэкс, і там ужо за хуліганства максімальны тэрмін пакарання — не 2 гады, як было раней, а 3 гады. І гэта было падставай, каб пакінуць мяне за кратамі. Насамрэч, як мне тады яшчэ сьледчы сказаў, што мяне дапытваў (які, між іншым, добра па-беларуску са мной размаўляў), што рашэнне прымалася не пракуратурай нават, а мэрам — тагачасным граданачальнікам Паўлавым. Што, паколькі на Менгарвыканкаме быў сарваны сьцяг і мела месца спроба вывесіць нацыянальны штандар, то менавіта ён канчаткова прымаў рашэнне пра тое, каб мяне пакінуць за кратамі.

— А як сядзелася на Валадарцы, як ставіліся іншыя зьняволеныя?

— Ну, там ужо давялося сутыкнуцца з турэмным жыццём: усе гэтыя “паняцці”, усе правілы “вараўскога”, “блатнога” жыцця… Гэта ўсё ёсць на Валадарцы. Больш-менш нармальна ўвайшоў у гэта, але я не стаў нейкім “блатным”, не ўспрыняў ідэалогію “блатную”. Асноўнымі цяжкасьцямі былі насамрэч холад і перапоўненасьць камераў. Мы спалі па чарзе. Якраз зіма 2006 года была вельмі халодная, і ў камеры стаяў ну проста дзікі холад! Усе ў камеры захварэлі. Я ў турме падхапіў запаленне лёгкіх, і ўвесь тэрмін я быў з гэтай хваробай, таму што мне дыягназ правільны не паставілі. І толькі па вызваленні я пайшоў да лекара, калі ў мяне была ўжо запушчаная форма пнеўманіі. Тэмпература пастаянна трымалася. Менавіта з тым, што я падхапіў у гэтыя халады на Валадарцы, я і паехаў на Жодзіна…

Што датычыць Жодзіна – там іншая была праблема. Там у 6 гадзін пад’ём, у 10 — адбой, але паколькі увесь час гэтая хвароба, стомленасьць, то не хапала на сон гэтых васьмі гадзінаў. Насамрэч там не было тых васьмі гадзінаў, насамрэч — менш. І вось гэты недасып набіраецца, і кожны дзень усе хочуць спаць. Забараняецца падняць ногу нават на ложак, не тое што прылегчы, напрыклад, на паўгадзінкі. Гэта адразу парушэнне, тры парушэнні – гэта карцэр. І ўсе людзі там ужо, на Жодзіна, проста ўся камера — хоча спаць… І так вось кожны дзень. Пастаянна хочацца спаць… Хоць, канечне, там умовы пражывання значна лепшыя, чым на “Валадарцы”, дзе менш за 2 квадратныя метры на чалавека прыходзіцца — скажам, 1,2 -1,3 м.  Вельмі перапоўнена камера была, і дыхаць абсалютна няма чым. Гэтая лямпачка, якая дзень і ноч гарыць… Усе паляць, і паветра не так, як у нас тут – звычайнае, мы яго не бачым; там, на “Валадарцы”, паветра, якое добра бачна.  Уся камера знаходзіцца ў дымцы, і ты вось  круглыя суткі знаходзішся ў дымцы, толькі маеш права на адну гадзіну ў дзень на прагулку.

— У які час вы патрапілі ў Жодзіна?

— 17 студзеня 2006 года, якраз у самыя халады, я патрапіў на “Валадарку”. А на Жодзіна мяне перавялі у сакавіку, перад самымі выбарамі, за некалькі дзён. Тады літаральна ўсіх туды пераводзілі. Нехта сядзеў з палітвязьняў у 2006 годзе, іх таксама пераводзілі з “Валадаркі”. Лукашэнка, можа, баяўся, што, калі нешта тут здарыцца, то пачнуць вызваляць палітвязьняў. І лепш палітвязьняў — падалей, лепш вывезьці з Менску…

— І ў выніку да вас на Жодзіна зьвезьлі некалькі соцень людзей з Плошчы.

— Так.

— Да вас даходзілі зьвесткі з Плошчы? Вы адчувалі, што мы сядзім дзесьці праз сьценку ад вас?       

— Так атрымалася, што літаральна пасьля падзеяў Плошчы да мяне прыйшла маці на спатканне і ўсё мне распавяла. Калі я пераказаў сукамернікам, што тут 200 чалавек прывезьлі з Плошчы, то людзі нават не паверылі, сказалі: “Як можа быць такое?” Не, крыкаў не было чуваць, Жодзіна – вельмі вялікая па плошчы турма, там кожны корпус абасоблены. Там шмат карпусоў, і проста з камеры ты не пачуеш. Людзі мусілі мне верыць толькі на слова. Што на Жодзіна прывезьлі людзей з Плошчы, упэўніліся потым з газэтаў. У 2006 годзе некая бабруйская незалежная газэта прыходзіла да нас, мы яе чыталі. Пра падзеі людзі ў прынцыпе ведалі.

Акрамя мяне і яшчэ аднаго чалавека, усе галасвалі, а нас пазбавілі права голасу. Мы былі ўвогуле незаконна пераведзены на Жодзіна, таму што ў нас разглядаліся касацыйныя скаргі, і прысуд не ўступіў у законную сілу. У нас, паводле закону, калі чалавек знаходзіцца пад сьледствам, ён не мае права голасу, а калі асуджаны да арышту, ён мае гэтае права. І вось у нас уся камера, акрамя двух чалавек, галасавала. Былі й тыя, хто за Лукашэнку галасаваў, у асноўным жа — за Мілінкевіча.

— Колькі чалавек было ў камеры?

— Ну, чалавек дваццаць, можа. Недзе так.

— А якім было абыходжанне ахоўнікаў у Жодзіна? Гэта ж знакаміты “Чорны бусел”. Пасьля справы Шыдлоўскага і Лабковіча ў 1998-м годзе вельмі дурная слава хадзіла пра Жодзінскі СІЗА.

— Так-так. Але ж тая слава зьвязана з тагачасным “гаспадаром”, гаворачы на мове “блатной”. Начальнік СІЗА быў такі — Кузавок яго прозьвішча. У той час, калі я “заехаў” на Жодзіна, Кузаўка толькі што перавялі кудысьці ў Віцебскую вобласьць.

Абыходжанне адразу было дастаткова жорсткае. Калі нас толькі прывезьлі, нас дзьве гадзіны пратрымалі ў перапоўненым, бітком набітым аўтазаку, адразу ўсё бягом; потым нас закінулі на суткі ў карцэр, набілі туды чалавек 15, там немагчыма было проста стаяць, немагчыма было сесьці. Суткі пратрымалі… Гэта адразу такі прыём: суткі пратрымаць у карцэры, каб не тое што дыхаць – ледзь не легчы, упасьці, калі адзін чалавек на другога абапіраецца, каб вымотваць… А плюс яшчэ суткі мы не спалі на Валадарцы. Гэта так вось яны нас “сустракаюць”… А потым, калі ўжо цябе “паднялі” у камеру, то гэта для цябе ўжо такое шчасьце, што, нарэшце, усё скончылася!

Калі праз праходзіш (з карцэру да камеры – аўт.) праз тыя падземныя калідоры, там нацягнуты нейкі дрот. А ты ўжо ідзеш з торбамі, рэчамі, спаць хочацца, а табе кажуць: вось, калі гэты дрот дзёрнеш, выбягаюць гэтыя “маскі”… Ужо стараешся ісьці, ужо галава не працуе, але каб толькі гэты дрот не закрануць. Калі ўжо ў камеру прывялі, то гэта ўжо слава Богу, там можаш ужо далей паспаць.  Бо звычайна ўначы прыводзяць у камеру.

Нейкага зьбіцця – не, не было. Гэта, можа, зьвязана з тым, што Кузаўка ўжо перавялі, і з кожным днём ад таго моманту, калі я патрапіў да Жодзіна і калі выйшаў, умовы паляпшаліся. Быў спачатку, напрыклад, у камеры шмон кожны дзень. Шмон – гэта калі усе свае рэчы ты выстаўляеш на цэнтр камеры, бярэш матрас у рукі і стаіш, цябе выводзяць на калідор, і ты з матрасам галавой у сьцену ўпіраешся, там і стаіш. Па 20 хвілінаў цябе там абшукваюць, нешта ў камеры прастукваюць… Гэта было кожны дзень. Усю камеру абшуквалі. Потым гэта ўжо пачалося праз дзень. Гэта адчувалася, як нейкая трохі палёгка. А людзі, якія там са мной сядзелі ў камеры, яшчэ засталі часы Кузаўка (я цяпер зараз ужо не магу ўзгадаць дакладна, калі ён быў пераведзены), дык казалі, што так, раней было нашмат болей жорстка, а зараз ужо фактаў фізічнага ўзьдзеяння не было.

Мяне там на “вы” называлі, магчыма, гэта было зьвязана з разуменнем, што я “палітычны”. І я быў увогуле адзіны чалавек у камеры з вышэйшай адукацыяй – і сярод тых сядзельцаў, і сярод тых ахоўнікаў таксама. Відаць, што неяк па-іншаму ахоўнікі да мяне ставіліся. У адрозьненне ад цяперашніх  палітвязьняў, якія з 2010 году сядзяць, калі катаванні ў турме КДБ прымяняліся да іх, не настолькі моцныя былі тады рэпрэсіі, як ужо 10-га году. Вось гэткія мае назіранні…

Іншыя палітычныя вязьні