ПАСЕ зноў заклікае вызваліць беларускіх палітвязняў

У заяве, прынятай сёння ў Страсбургу на пасяджэнні камітэта па палітычных пытаннях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), утрымліваецца заклік “неадкладна і без якіх-небудзь умоў вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных, уключаючы тых, каго ўжо памілавалі”.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе ПАСЕ.

У заяве зазначаецца, што 12 палітычных зняволеных дагэтуль застаюцца ў турмах, прычым з’явілася заслугоўваючая даверу інфармацыя пра катаванні ў дачыненні да іх, недастатковую медыцынскую дапамогу і дапамогу адвакатаў.

Паліткамітэт ПАСЕ аднагалосна падтрымаў прапанову спецдакладчыка асамблеі па Беларусі Андрэса Херкеля намінаваць беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які асуджаны і знаходзіцца ў калоніі, на прэмію правоў чалавека ПАСЕ 2013 года.

“Сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі не палепшылася з часу прыняцця мінулай рэзалюцыі асамблеі ў студзені 2012 года”, — заявіў Херкель. У Беларусі, зазначыў ён, працягваюць ушчамляць правы чалавека і палітычныя свабоды і падвяргаць нападкам палітычных апанентаў.

Апрача таго, беларускія ўлады не прынялі мер па адмене смяротнай кары або па ўвядзенні мараторыя на выкананне смяротных прыгавораў. Наадварот, у 2012 годзе былі прыведзены ў выкананне два смяротныя прыгаворы, зазначалі ўдзельнікі пасяджэння паліткамітэта.

Як раней паведамляў БелаПАН, у пачатку пасяджэння адбыўся скандал — афіцыйнага прадстаўніка Беларусі папрасілі пакінуць залу, таму што ў яго не было спецыяльнага запрашэння на гэта мерапрыемства.

Афіцыйны Мінск на гэтыя падзеі пакуль не адрэагаваў.

На просьбу пракаментаваць рашэнні, прынятыя ў дачыненні да Беларусі паліткамітэтам ПАСЕ, і скандал з выдварэннем беларускага прадстаўніка прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных на брыфінгу 4 кастрычніка заявіў: пазіцыя беларускага боку будзе абнародавана пазней.

Нагадаем, парламенцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі 23 верасня, ПАСЕ ацаніла як не адпаведныя міжнародным дэмакратычным стандартам.

Андрэс Херкель у сваёй заяве выказаў шкадаванне, што многія абавязацельствы ў межах АБСЕ па дэмакратычных правах грамадзян на свабоднае вылучэнне кандыдатаў і магчымасць свабодна выказваць меркаванне не былі выкананы. Ён падкрэсліў, што выбары ў Беларусі не былі справядлівымі з-за адсутнасці дакладнай працэдуры падліку галасоў і магчымасці для назіральнікаў праверыць вынікі гэтага падліку.

27 верасня падчас сесіі Генасамблеі ААН міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустракаўся з генсакратаром Савета Еўропы Турб’ёрнам Ягландам, паведаміла прэс-служба беларускага МЗС. Што яны амбяркоўвалі, невядома.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. У 1993 годзе краіна атрымала статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), але была пазбаўленая яго пасля рэферэндуму 1996 года, вынікі якога міжнародная супольнасць не прызнала.
У чэрвені 2009 года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю аб вяртанні Беларусі статусу спецзапрошанага пры ўмове адмены смяротнай кары або ўвядзення мараторыя на яе. Аднак у 2010 годзе ў Беларусі адбыліся новыя пакаранні, пасля чаго ПАСЕ афіцыйна рэкамендавала сваім членам не наведваць краіну.

У пачатку 2012 года, пасля расстрэлу Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, абвінавачаных ва ўчыненні тэракта ў мінскім метро, Турб’ёрн Ягланд заявіў: “Наяўнасць у Беларусі смяротнай кары не дазваляе ёй мець нейкі статус у рамках Савета Еўропы”.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Шарамет
  • Тацяна Елавая
  • Уладзімер Хамічэнка
  • Ільля Васілевіч
  • Яўген Сакрэт