
Палітвязень адмовіўся выконваць загад адміністрацыі калоніі. За гэта яго пасадзілі ў штрафны ізалятар, паведаміла Таццяна Францкевіч — маці Аляксандра.
Аляксандр адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі. Раней Францкевіч адмовіўся пісаць прашэнне пра памілаванне.
6 мая Аляксандру Францкевічу споўнілася 22 гады. Да дня народзінаў у яго было прымеркаванае доўгатэрміновае спатканне з маці. Аднак адміністрацыя калоніі скасавала гэтую сустрэчу. Да таго ж Францкевіча пазбавілі і значнай часткі грашовай дапамогі — замест 500 тысяч за месяц (5 базавых велічыняў) дазволілі даслаць толькі 100 тысяч.
Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч праходзілі па так званай справе анархістаў. Атрымалі адпаведна 8, 4,5 і 3 гады зняволення.
nn.by