«Сытуацыя з Саньнікавым абвяргае тое, што казаў амбасадар Хвастоў у ААН»

Вязьню Магілёўскай перасыльнай турмы Андрэю Саньнікаву адмаўляюць у сустрэчы з адвакатам, а ягоным сваякам дагэтуль не паведамляюць, куды і калі ён будзе этапаваны. Як такое абыходжаньне суадносіцца зь беларускім заканадаўствам і міжнароднымі нормамі?

Андрэй Саньнікаў знайшоўся. Ці было парушэньнем тое, што пра яго месцазнаходжаньне не паведамлялі?

Кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалкевіч не захацеў камэнтаваць тое, што 16 лістапада не было зьвестак пра месца ўтрыманьня Андрэя Саньнікава і што да яго не пускаюць адваката:

«Пускаюць ці не пускаюць — не кампэтэнтны гэта камэнтаваць. Пэўна што ў турмах ёсьць свой парадак пропуску… Мне такой справаздачы з Дэпартамэнту адносна ўсіх вязьняў, у тым ліку Саньнікава, не даюць. І сэнсу даведвацца пра гэта таксама пакуль ня бачу. Бо той ажыятаж, які быў учора падняты ў інтэрнэце, сёньня не адпавядае рэчаіснасьці».

Калі Андрэя Саньнікава перавядуць у іншую калёнію і ў якую? Сваякам і адвакату палітвязьня гэтую інфармацыю не даюць. Кіраўнік прэсавай службы МУС Шалкевіч ня змог патлумачыць, які максымальны тэрмін вызначаны законам для перасылкі вязьня з адной турмы ў другую:

«Напэўна, такі тэрмін ёсьць, але не магу сказаць адразу, трэба дакумэнты глядзець».

Да Андрэя Саньнікава не пускаюць адваката, хоць у ягонай справе ёсьць дамова аб аказаньні паслугаў абаронцы. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка зазначае, што гэта супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і тым міжнародным абавязаньням, якія Беларусь на сябе ўзяла.

Лідэр арганізацыі прававой абароны вязьняў «Плятформа» Андрэй Бандарэнка на мінулым тыдні выступаў з трыбуны ААН з крытыкай парадкаў у пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі. У тым ліку спадар Бандарэнка, які сам адбыў за кратамі амаль 2 гады, казаў пра цяжкасьці з атрыманьнем адвакацкай дапамогі. Спадар Бандарэнка згадаў выступ на тым жа паседжаньні камісіі пасла Беларусі пры ААН Міхаіла Хвастова:

«Стаўленьне пэнітэнцыярных супрацоўнікаў да Андрэя Саньнікава дэманструе твар нашай пэнітэнцыярнай сыстэмы. І гэта супярэчыць заявам спадара Хвастова ў ААН, які казаў, што ў нас кожны мае магчымасьць кантактаваць з адвакатам асабіста, сам-насам, у адмысловых умовах. А тут мы яшчэ атрымліваем факт катаваньня ня толькі Саньнікава, але і яго сваякоў, бо пакутуюць і жонка Ірына, і сын Данік. Мы неаднаразова заяўлялі, што ў нас папраўчая сыстэма не выпраўляе, а яна накіраваная на тое, каб ламаць людзей».

Паводле Андрэя Бандарэнкі, у дэпартамэнце выкананьня пакараньняў у Магілёве ўжо вядома, куды накіруюць Андрэя Саньнікава, і гэтую інфармацыю хаваюць ад сваякоў незаконна.

17 лістапада праваабарончы цэнтар «Вясна» выступіў з заявай адносна сытуацыі вакол Андрэя Саньнікава. «Трэба адзначыць, што гэта ўжо другое зьмяненьне месца адбываньня пакараньня палітвязьня. Паўтара месяца таму яго ўжо пераводзілі з Наваполацкай калёніі ў калёнію г. Бабруйска, пры гэтым этап цягнуўся некалькі дзён, адвакат і родныя ня мелі ніякай інфармацыі пра яго стан здароўя і месцазнаходжаньне», — заяўляюць праваабаронцы і патрабуюць забясьпечыць сваякоў Саньнікава дакладнай інфармацыяй пра яго месцазнаходжаньне і стан здароўя, а таксама дапусьціць да яго адваката.

Жонка палітвязьня журналістка Ірына Халіп гэтак пракамэнтавала дзеяньні міліцыянтаў з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў:

«Перакананая, што дзеяньні супрацоўнікаў Магілёўскай управы Дэпартамэнту цалкам узгодненыя з цэнтрам. Я згадала, што заўтра якраз у менскім Дэпартамэнце прыёмны дзень, таму хай чакаюць мяне ў госьці. Маю намер высьветліць, чаму майму мужу адмаўляюць у канстытуцыйным праве на абарону».

svaboda.org

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Завадскі
  • Алесь Кіркевіч
  • Артур Фінькевіч
  • Павал Шарамет