У Марыі Калеснікавай у ізалятары забіраюць кнігі

Марыя Калеснікава, якая ўзначальвала штаб прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі, паведаміла пра чарговы ціск, які на яе пайшоў у ізалятары.

Паплечнікі Марыі Калеснікавай паведамілі, што днямі ў яе забралі ў Жодзінскім ізалятары тры кнігі – “Сусвет Стывена Хокінга” Стывена Хокінга, і дзве кнігі Юваля Харарэ – “21 урок для XXI стагоддзя” і “Homo Deus”.

“У ізалятары ў Жодзіна і так вялікія праблемы з бібліятэкай і літаратурай ў ёй, – кажуць сябры Марыі. – Кнігі, якія пераслалі ў бібліятэку, таксама не ўзялі. Іх проста аддалі на склад і не выдаюць.

А зараз абсалютна эпічны выпадак – выдадзеныя Марыі Калеснікавай кнігі забралі акурат з яе камеры. Калі гэта не прамы ціск на Марыю, то што тады?

***

У 2020 годзе Марыя Калеснікава ўзначаліла штаб Віктара Бабарыкі, які вылучаўся на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах-2020.

18 жніўня яна ўвайшла ў асноўны склад «Каардынацыйнага савета па арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу», а 19 жніўня была выбрана ў яго прэзідыум.

7 верасня Марыя Калеснікава была выкрадзена невядомымі ў цэнтры Мінска. Раніцай 8 верасня з’явілася інфармацыя аб тым, што яе спрабавалі сілком дэпартаваць з Беларусі ва Украіну, але яна парвала свой пашпарт і зноў была затрыманая.

Дзяржпагранкамітэт Беларусі заявіў, што члены Каардынацыйнага савета Марыя Калеснікава, Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў прыкладна ў 4 гадзіны раніцы перасяклі мяжу з Украінай. Паралельна беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Краўцоў і Раднянкоў “гэтай ноччу збеглі за мяжу”, а Калеснікаву затрымалі.

9 верасня бацька Марыі Калеснікавай паведаміў, што яна арыштаваная. Марыя Калеснікава знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь). 12 верасня яе перавязлі з мінскага СІЗА ў ізалятар часовага ўтрымання ў Жодзіна.

16 верасня Следчы камітэт Беларусі прад’явіў Калеснікавай абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт). Артыкул прадугледжвае пакаранне ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Праваабарончай супольнасцю Марыя Калеснікава прызнана палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Жукавец
  • Юрый Рубцоў