Сцяпан Латыпаў: Не ведаю, калі ўбачу вас, мае дарагія…

Палітвязень Сцяпан Латыпаў перапісваецца са сваімі суседзямі і кажа, што нават за кратамі сёння ён “бязмерна шчаслівы”.

“Мне цяпер складана пісаць, бо лістоў прыходзіць шмат, але мала часу, каб скарыстацца сталом з добрым святлом”, — адзначае Сцяпан Латыпаў.

Сцяпану Латыпаву – 40 гадоў. Ён нарадзіўся ў Брэсцкай вобласці, бацькі – біёлагі. Сцяпан па прафесіі арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5-га разраду. Прайшоў прафесійную падрыхтоўку і сертыфікацыю ў Вялікабрытаніі, мае сертыфікат IRATA (для выканання работ на вышыні).

Апошнім часам кожны вечар у двары на Смаргоўскім тракце-Чарвякова ў Мінску праходзілі імправізаваныя канцэрты і проста вячоркі жыхароў бліжэйшых дамоў. Там развешвалі бел-чырвона-белыя сцягі, а на трансфарматарнай будцы было намалявана графіці з ды-джэямі, якія на афіцыйным мерапрыемстве ўключылі песню “Перамен”.

“Плошча Пераменаў”, як жыхары празвалі свой двор, праславілася на ўсю краіну перш за ўсё тым, што невядомыя ў масках ледзь не кожны дзень знішчалі графіці, а людзі кожны раз яго аднаўлялі.

15 верасня падчас аднаго з такіх супрацьстаянняў невядомыя ў цывільным і ў масках, якія ў чарговы раз сабраліся знішчыць малюнак, затрымалі мясцовага жыхара Сцяпана Латыпава.

У кватэры Сцяпана ўзламалі дзверы і правялі ператрус, канфіскавалі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад машыны, банкаўскія карты і наяўныя грошы.

Пазней з’явілася інфармацыя аб тым, што Сцяпан Латыпаў затрыманы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

19 верасня ў эфіры некалькіх дзяржаўных тэлеканалаў быў прадэманстраваны сюжэт, дзе сцвярджалася, што Сцяпан Латыпаў падазраецца ў арганізацыі незаконнага каналу пастаўкі ў краіну небяспечных хімікатаў і меў намер выкарыстаць атрутныя рэчыва супраць супрацоўнікаў міліцыі.

“Мне цяпер складана пісаць, бо лістоў прыходзіць шмат, але мала часу скарыстацца сталом з добрым святлом, – напісаў Сцяпан з СІЗА сваім суседзям. – Але я так люблю чытаць вашыя лісты, што імкнуся адказаць хоць парай радкоў.

Доўгія гады я марыў жыць у культурным ветлівым доме. І ўвесь гэты час карцінка была дзесьці ў далёкай будучыні, а дом-мара знаходзіўся ці то ў Еўропе, ці то ў ЗША.

Цяпер, калі я здолеў дацягнуцца да мары хоць кончыкамі пальцаў, я бязмерна шчаслівы.

Не ведаю, калі ўбачу вас, мае дарагія родныя суседзі. Але прадчуванне гэтай сустрэчы ўжо напаўняе сэрца цяплом і пяшчотай, а дух сілай і цярпеннем!

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні